Перыяд навагодніх свят дзеці чакаюць з асаблівым нецярпеннем не толькі таму, што гэта дзівосны час, калі ўсе знаходзяцца ў прадчуванні цудаў, а і пара зімовых канікул, калі не трэба вучыць урокі.
Падмацавалі сілы і адпачылі з карысцю ў лагерах з дзённым знаходжаннем
А для вучняў пачатковых класаў яшчэ цудоўная магчымасць падмацаваць сілы і адпачыць з карысцю ў лагерах з дзённым знаходжаннем. Як паведаміла вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Любанскім раёне Марыя Статкевіч, на гэты раз яны арганізаваны на базе 9 устаноў адукацыі: трох гарадскіх, дзвюх урэцкіх, Малагарадзяціцкай, Палічынскай, Рачэнскай, Сароцкай школ. Лагеры будуць функцыянаваць з 26 па 30 снежня і 3-4 студзеня. А наведваюць іх 210 навучэнцаў.
Па словах Марыі Іванаўны, на аздараўленне юных любанчан з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 6 300 рублёў, што дазваляе значна патанніць кошт пуцёвак для бацькоў. Пры фарміраванні ж лагераў перавага аддадзена непаўналетнім са шматдзетных, малазабяспечаных, няпоўных, прыёмных, апякунскіх сем'яў, рабятам, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на розных уліках, унутрышкольным кантролі. Для іх педагогі і выхавальнікі падрыхтавалі насычаныя праграмы з культурна-масавымі, фізкультурна-аздараўленчымі мерапрыемствамі.
У прыватнасці, у Сароцкай СШ дзейнічае лагер “Вясёлая галактыка” для 16 вучняў першага і другога класаў. Штодзень яны здзяйсняюць захапляльны “Зімовы марафон”. Дзяўчынкі і хлопчыкі ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах, забаўляльных і займальных дзеях, змястоўных сустрэчах. Кожнаму знаходзіцца занятак па гусце.
Асабліва па душы пачаткоўцам прыйшлося бібліяшоу “Навагодні перапалох, ці З Калядамі і Новым годам”. Падчас яго рабяты пазнаёміліся з гісторыяй званоў, іх значэннем у жыцці старажытнага і сучаснага чалавека. А пасля на майстар-класе самі вырабілі анёлкаў у выглядзе званочкаў. І атрымалі, па словах саміх навучэнцаў, неверагоднае задавальненне.









