Вучыць сэрцам: як настаўніца з Любаншчыны змяняе жыццё сваіх вучняў
Адукацыю можна атрымаць з кніг, але сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці перадаюцца толькі ад чалавека да чалавека. Менавіта таму асоба настаўніка заўсёды была і застаецца цэнтральнай у нашым грамадстве.
Педагог – гэта не проста прафесія, гэта жывы прыклад для пераймання. Кожны дзень, заходзячы ў клас, ён робіць значна больш, чым патрабуе праграма: ён за кладвае трывалы фундамент асобы. З яго слоў, учынкаў і нават позіркаў нараджаюцца галоўныя ўнутраныя асновы – павага да бацькоўскага дома, любоў да сваёй зямлі, гонар за сваю краіну.
Менавіта такія мудрыя і чулыя якасці спалучае ў сабе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Асавецкай сярэдняй школы Аксана Гудкоўская. На сваіх уро ках яна вучыць дзяцей не проста любіць роднае слова, шанаваць яго і не саромецца размаўляць на ім у паўсядзённым жыцці. Аксана Іванаўна адкрывае вучняў най важнейшыя жыццёвыя ісціны: як заставацца Чалавекам з вялікай літары, чуць сэрцам, умець суперажываць і заўсёды быць гатовым прыйсці на дапамогу тым, каму яна патрэбна.

– Не першы год я з’яўляюся класным кіраўніком, таму на выхаваўчых гадзінах мы з дзецьмі часта размаўляем пра самае галоўнае – пра тое, што важна для іх станаўлення, – дзеліцца Аксана Іванаўна. – Хлопчыкам я заўжды нагадваю, што яны – будучыя мужчыны. Праўда, аднойчы здарылася даволі павучальная сітуацыя. Я несла з машыны цяжкія кнігі, а мае хлопцы прабеглі міма і нават не звярнулі ўвагі. На бліжэйшай класнай сустрэчы я з усмешкай спытала: «І куды ж падзеліся мае мужчыны, чаму нават не прапанавалі дапамогу?».
Гэтыя словы так глыбока адбіліся ў іх свядомасці, што з таго часу ўсё змянілася. Хлопчыкі заўсёды адчынялі перада мной дзверы, падстаўлялі плячо ў патрэбны момант і часта паўтаралі: «Калі вам спатрэбіцца дапамога, вы толькі скажыце. Мы ж мужчыны!». Больш за тое, яны навучыліся паважаць і сваіх аднакласніц – ніколі і нікому не дазвалялі пакрыўдзіць дзяўчатак.
Гэтая дзіўная здольнасць адчуваць дзіцячыя душы і быць для іх прыкладам – не выпадковасць. Шлях Аксаны Іванаўны ў прафесію быў наканаваны лёсам, бо яна вырасла ў сям'і педагога. Любоў да настаўніцкай справы дзяўчынка пераняла ад сваёй маці Ніны Мікалаеўны Жарай, якая працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры – спачатку ў Пекліцкай базавай школе, пасля ў сярэдняй школе №2 горада Любані (якая з часам стала Гімназіяй), а перад выхадам на за служаны адпачынак – у Пластокскай школе.
Пераемнасць праявілася ў тым, што, атрымаўшы педагагічную адукацыю, Аксана Іванаўна прыйшла працаваць менавіта ў Пластокскую школу, дзе сімвалічна змяніла сваю маці. Аднак час уносіць свае карэктывы, і калі ўстанова ў Пластку зачынілася, таленавіты педагог перайшла на сваё цяперашняе месца – у Асавецкую адзінаццацігодку.
Што цікава, у іх сям'і гадаваліcя тры дзяўчынкі, і дзве з іх – Аксана і яе малодшая сястра – звязалі сваё жыццё з выкладаннем беларускай мовы і літаратуры.
– Дзіўна, але мы абедзве знайшлі сябе менавіта ў гэтай справе і пра іншую долю для сябе нават не марым, – з усмешкай прызнаецца Аксана Іванаўна.
Настаўніцкая праца для гераіні нашага матэрыялу не абмяжоўваецца толькі правядзеннем урокаў. Яна – чалавек нястомнай энергіі і высокага прафесіяналізму, таму ей даверана ўзначальваць метадычнае аб’яднанне настаўнікаў-прадметнікаў установы. Шмат намаганняў і творчага падыходу патрабуе школьная газета «Чыж», галоўным рэдактарам якой з'яўляецца педагог. Дарэчы, з гэтага навучальнага года выданне набыло новы статус: Аксана Іванаўна стала кіраўніком важнага педагагічнага праекта па развіцці чытацкай граматнасці навучэнцаў менавіта пад уплывам выдання.
Асобнае месца ў яе дзейнасці займае праца з адоранымі дзецьмі. Дзякуючы глыбокім ведам і тонкаму падыходу, настаўніца паспяхова рыхтуе вучняў да прадметных алімпіяд. Яе выхаванцы – пастаянныя ўдзельнікі розных творчых і навуковых конкурсаў, дзе кожны раз дэманструюць высокі ўзровень і вяртаюцца з заслужанымі ўзнагародамі.









