Лёс у кожным слове: гісторыя настаўніцы, якая больш за 50 гадоў улюбляе дзяцей у беларускую мову
Лідзія Валёха – чалавек з дзіўным лёсам, у якім знайшлося месца і фабрычнаму цэху, і ўніверсітэцкай аўдыторыі, і, галоўнае, – любові да дзяцей і роднага слова.
Нарадзілася Лідзія Міканораўна ў вёсцы Вялікія Гарадзяцічы Любанскага раёна. Тут яна скончыла адзінаццаць класаў – у тыя гады якраз быў пераходны перыяд, калі існавалі і дзясяты, і адзінаццаты выпускі. Паступіць у ВНУ тады было няпроста, але дзяўчына цвёрда вырашыла паспрабаваць свае сілы на журфаку БДУ. Аднак конкурс аказаўся занадта высокім, і мару аб журналістыцы прыйшлося адкласці.
Тады выпускніца школы паступала ў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча, але і там не прайшла па конкурсе. Каб не сядзець без справы, яна ўладкавалася на працу на камбінат трасцільшчыцай. Праца была не з лёгкіх. Цэлы год вытрымала такі рытм, але зразумела: гэта не яе шлях.
І тады лёс прывёў яе ў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага. У 1970 годзе Лідзія Міканораўна паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. Конкурс быў сур’ёзным: чатыры экзамены, сачыненне і дыктант. Але яна не спалохалася цяжкасцей і стала адной з тых, хто паспяхова здаў усе выпрабаванні. Вучылася разам з іншымі дзяўчатамі з раёна – у групе было чатыры чалавекі з Любаншчыны.
Першым месцам працы маладой настаўніцы стала школа ў Трайчанах, дзе яна выкладала ў пачатковых класах. Праз год яе паклікалі ў Ямінскую школу. Так пачалася яе доўгая педагагічная кар’ера ў гэтай навучальнай установе, якой яна аддала многія дзесяцігоддзі.
Менавіта тут Лідзія Міканораўна праявібе сябе як таленавіты педагог і мудры класны кіраўнік. Яна заўсёды знаходзіла кампраміс у самых складаных сітуацыях, умела пачуць кожнага вучня і дапамагчы яму раскрыць свой патэнцыял. Урокі беларускай мовы і літаратуры сталі сапраўднымі святамі слова, на якіх дзеці вучыліся разумець і любіць родную мову, адчуваць яе прыгажосць і глыбіню. Лідзія Міканораўна любіла свой прадмет усёй душой і гэту любоў умела перадавала кожнаму вучню: вучыла грамаце, выхоўвала патрыётаў, людзей, якія ганарацца сваёй культурай і гісторыяй.
Вынікі яе працы кажуць самі за сябе: на працягу многіх гадоў яе вучні паказвалі стабільна высокія вынікі на раённых алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Школа не раз займала прызавыя месцы ў раённых конкурсах чытальнікаў і творчых работ менавіта дзякуючы падрыхтоўцы педагога. Яе вучні заўсёды былі сярод лепшых у раёне, а сама яна карысталася велізарнай павагай сярод калег і бацькоў.
Але галоўнае багацце і гонар Лідзіі Міканораўны – яе выпускнікі: урачы, якія ратуюць жыцці людзей, настаўнікі, якія працягваюць яе справу і нясуць веды новым пакаленням, навукоўцы, якія робяць адкрыцці ў самых розных галінах навукі. Яна ганарыцца кожным з іх і заўсёды з цеплынёй успамінае свае класы. Выпускнікі ж, у сваю чаргу, не забываюць сваю любімую настаўніцу – тэлефануюць, прыязджаюць, віншуюць са святамі і заўсёды знаходзяць словы падзякі за тыя веды і тую душэўную цеплыню, якую яна ім падарыла.
У асабістым жыцці таксама ўсё склалася: Лідзія выйшла замуж за мясцовага хлопца. У сям’і нарадзілася двое дзяцей, якімі жанчына бясконца ганарыцца.
Лідзія Міканораўна любіць сваю прафесію, дзяцей і, галоўнае, свой прадмет – беларускую мову і літаратуру. «А інакш ці можна столькі год аддаць адной справе?» – завяршае настаўніца.









