Індустрыяльная гісторыя Любані: ад паравога млына да завода цяжкага машынабудавання

Общество
5 июня 2026
278

Да 460-годдзя Любані прапануем серыю артыкулаў пра развіццё горада. У першым з іх разгледзім «учора» і «сёння» прамысловай галіны.

З ХVII стагоддзя на падставе Статута Багуслава Радзівіла жыхары Любані былі аднесены да мяшчан, хоць у населеным пункце і адсутнічалі аб’екты прамысловасці. Аднак па сутнасці амаль усе яны былі сялянамі, мелі зямельныя надзелы, за якія перад уласнікам выконвалі розныя павіннасці.

І нават тады, калі ў пачатку ХІХ ст. у маёнтках Вітгенштэйна Урэчча, Ярэмічы, Таль і Гарадзяцічы былі адкрыты першыя заводы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, Любань заставалася месцам, дзе працавалі дробныя кавальскія, кушнерскія, сталярныя, бондарныя і іншыя рамесныя майстэрні.

Значныя змены адбыліся ў пачатку ХХ ст. – 23 верасня 1906 г. Шэйна Кацнельсон атрымаў дазвол на будаўніцтва паравога млына ў мястэчку Любань. Так пачалася індустрыяльная гісторыя нашага горада.

photo_2026-06-05_10-42-32.jpg

Паравы млын у Любані, сяр.1930-х гг.

Першыя два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя былі вельмі складанымі і неадназначнымі: Першая сусветная вайна, дзве акупацыі – германская і польская, барацьба з бандытызмам. Мірнае жыццё пачало наладжвацца толькі пасля 1921 года. У сельскай мясцовасці ствараліся сумесныя таварыствы, а ў Любані ў 1924 г. асобныя арцелі і невялікія майстэрні аб’ядналіся ў райпрамкамбінат. У яго склад увайшлі два паравыя млыны, цэх па забоі жывёлы, пашывачная майстэрня.

Новая савецкая ўлада надавала вялікае значэнне развіццю сельскай гаспадаркі, а затым і арганізацыі перапрацоўкі яе сыравіны. У 1927 годзе ў Любані на так званым «Пластку» пачалося будаўніцтва крухмальнага завода №12, які ў 1929 г. выпусціў першую прадукцыю. У 1930 г. на заводзе працавала 26 рабочых.

photo_2026-06-05_10-42-31.jpg

Крухмальны завод у Любані, 1969.

У 1929 годзе ў Любані пачаў работу завод па выпуску малочнай прадукцыі. Ён доўгі час размяшчаўся ў невялікім будынку па вул. Савецкай, на якім у 1935 г. працавала 27 рабочых. Хоць прадпрыемства і называлася заводам, усе работы вытворчага працэсу ажыццяўляліся ўручную. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1948 г. завод аднавіў сваю работу, а ў 1961 г. быў узведзены новы будынак на паўднёвай ускраіне гарадскога пасёлка з перадавым на той час абсталяваннем. Прадпрыемства выпускала масла, сыр, тварог, смятану.

photo_2026-06-05_10-42-32 (2).jpg

Прыём малака на маслазаводзе ў Любані, 1970-я гг.

З асушэннем балот і пераўтварэннем іх ва ўрадлівыя палі Любаншчына стала рэгіёнам Беларусі, дзе высокія ўраджаі давалі канапляныя палеткі: пад гэту культуру ў раёне было адведзена больш за 100 га пасяўных плошчаў. Семя канопляў абжарвалі, дабаўлялі ў пірагі, кармілі птушку і ціснулі араматнае масла. Аднак сапраўдная сіла канопляў – у яе валакне. Трывалае, доўгае і эластычнае, яно стагоддзямі служыла людзям. З яго ткалі шчыльныя тканіны, плялі вяроўкі, шылі вопратку, рабілі парусіну і снасці для марскіх судоў. З мэтай перапрацоўкі канопляў і атрымання з іх пянькі ў 1932 годзе ў мястэчку Любань адкрыты пяньковы завод №149, на якім працаваў 41 рабочы.

photo_2026-06-05_10-43-22.jpg

Адміністрацыйны будынак ільнозавода ў Любані, 1982 г.

Швейная арцель «Праца» ўваходзіла ў склад Любанскага райпрамкамбіната, а з 1985 г. стала працаваць як самастойнае прамысловае прадпрыемства – швейная фабрыка. Гэта было адзінае ў раёне прамысловае прадпрыемства, якое не перапрацоўвала сельскагаспадарчую сыравіну, а шыла пасцельную бялізну, матрасы, рабочыя рукавіцы і адзенне – камбінезоны, ватныя курткі, дзіцячыя паліто і інш. Усе вырабы фабрыкі карысталіся вялікім попытам у насельніцтва.

photo_2026-06-05_10-42-33.jpg

Швейны цэх у Любані, 1960-я гг.

У ХХІ ст. Любань застаецца прамысловым цэнтрам рэгіёна. Па стане на 5 чэрвеня 2026 года ў горадзе працягваюць працаваць прадпрыемствы, гісторыя якіх набліжаецца да 100-гадовага юбілею: адкрытае акцыянернае таварыства «Любанскі райаграсэрвіс» (заснавана ў 1932 годзе як Любанская машынна-трактарная станцыя), замежнае прыватнае прадпрыемства «Любанская фабрыка адзення», крухмальны завод (зараз гэта вытворчы цэх №8 ААТ «МІНСК КРЫШТАЛЬ» – упраўляючая кампанія холдынга «МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП»), Любанскі філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі сыраробны камбінат», вытворчы ўчастак адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі льнозавод».

Разам з тым у горадзе з’яўляюцца новыя прамысловыя прадпрыемствы, якія адпавядаюць духу часу і існуючаму эканамічнаму становішчу. Напрыклад, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Завод цяжкага машынабудавання». Яно было зарэгістравана ў 2019 годзе, размяшчаецца на паўночнай ускраіне Любані. Асноўнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца вытворчасць і рамонт машын абсталявання для горназдабываючай, энергетычнай, нафтаперапрацоўчай, металургічнай прамысловасцей; вытворчасць нестандартных вырабаў, ёмістасцей, металаканструкцый, агульнамашынабудаўнічых вузлоў і дэталяў; правядзенне зварачных, гібачных, фарбавальных работ, аказанне паслуг па механічнай апрацоўцы і тэрмічнай рэзцы.

Па матэрыялах Любанскага музея народнай славы.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio