На Любаншчыне марафон моладзі і студэнцтва ў сераду працягнуўся днём традыцый

Молодежная политика
26 июня 2024
16

У раённым Цэнтры культуры экскурсію па выставе «Рэканструкцыя народнага адзення» правёў загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Сяргей Выскварка.


Увазе наведвальнікаў – навучэнак Любанскага дзяржаўнага каледжа – былі прадстаўлены лялькі ў строях, характэрных для пэўных населеных пунктаў нашага раёна.


– У продкаў кожная дэталь вопраткі мела значэнне, – адзначыў Сяргей Выскварка. – Адзенне было своеасаблівым пашпартам. Па ім можна было даведацца, з якой вёскі чалавек, колькі яму гадоў, ці ёсць дзеці.


Самы старажытны жаночы строй у калекцыі з’яўляецца мастацкай рэканструкцыяй адзення жыхаркі вёскі Обчын. На мадэлі-ляльцы доўгая кашуля і панёва – паясное адзенне з трох кавалкаў тканіны. На галаве – намітка, якую мела права насіць толькі замужняя жанчына. Строй жыхаркі вёскі Новая Дуброва выдзяляецца багаццем арнаменту. Цікава, што спадніцу нашы бубулі зашпілялі не ззаду, а спераду. А каб таго не было бачна, зверху павязвалі фартух.



Сяргей Выскварка таксама расказаў, што да шасці гадоў дзяўчынкі і хлопчыкі хадзілі ў абсалютна аднолькавым адзенні. Даведаліся наведвальнікі выставы і пра іншыя факты з гісторыі беларускага касцюма.

Слоўнік «ГЛ»

Нагавіцы – штаны.

Калышка – адзенне ў выглядзе сарафана.

Скіндачка – павязка на галаву.

Пасмач – спецыяльна тканая льняная спадніца.

Чандыкор – вясельны галаўны ўбор нявесты.

Намітка – галаўны ўбор замужняй жанчыны.

Панёва – паясное адзенне з трох кавалкаў тканіны.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio