Дзень адкрытых дзвярэй “Віват, новы творчы сезон!” прайшоў у ЦДТ

Образование
9 сентября 2024
85

На працягу мінулага тыдня педагогі цэнтра дзіцячай творчасці праводзілі разнастайныя майстар-класы ва ўстановах адукацыі нашага раёна, расказвалі пра дзейнасць шматлікіх аб’яднанняў па інтарэсах, паказвалі работы сваіх выхаванцаў. А ў завяршэнне зладзілі дзень адкрытых дзвярэй “Віват, новы творчы сезон!”

Атрымалася сапраўднае свята на свежым паветры. На пляцоўцы каля ЦДТ сабраліся як удзельнікі аб’яднанняў, так і тыя, хто толькі мяркуе далучыцца да іх. А каб прасцей такім рабятам было вызначыцца з накірункам пасляўрочнай дзейнасці, педагогі разгарнулі сапраўдныя творчыя майстэрні. Усе жадаючыя маглі разам з імі памаляваць, прычым не толькі традыцыйна пэндзлем ці алоўкамі, а і расфарбаванымі далонямі, памайстраваць з паперы і іншага матэрыялу. А яшчэ дзяўчынкі і хлопчыкі з задавальненнем паспрабавалі свае сілы і веды ў розных інтэрактывах, гульнях і забавах, пазнаёміліся з аформленай выставай, паглядзелі творчыя нумары ў выкананні навучэнцаў, пагутарылі з кіраўнікамі аб’яднанняў. І, канешне, шчыра парадаваліся за тых, каму ва ўрачыстай атмасферы былі ўручаны ўзнагароды рознага наймення за ўдзел і перамогу ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах.

Майстэрства рабят і педагогаў высока ацэнена на розных узроўнях. І загадчыца аддзела ЦДТ Раіса Сялюніна павіншавала іх з дасягненнямі. А іншых заахвоціла далучацца да мастацтва і рэалізоўваць свае таленты, развіваць творчы патэнцыял.

Да слова, як паведаміла дырэктар установы Наталля Агіевіч, у гэтым навучальным годзе на базе Любанскага ЦДТ будзе функцыянаваць 131 аб’яднанне па інтарэсах па 11 профільных накірунках: мастацкім, мастацка-моўным, культурна-дасугавым, грамадска-гуманітарным, сацыяльна-педагагічным, сацыяльна-камунікатыўным, ваенна-патрыятычным і інш.













pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio