Живое наследие Любанщины: как народные коллективы района сохраняют аутентичные белорусские песни
Любанскі раённы Цэнтр культуры дзявяты год запар прымаў раённы фестываль аўтэнтычнага спеву «Бабулі». Сюды прыязджаюць тыя, хто шануе непаўторную народную творчасць, што з’яўляецца часткай самабытнай культурнай спадчыны нашай краіны і мае высокую гісторыка-культурную каштоўнасць.
Ужо на ўваходзе ў РЦК адчувалася, што час праляціць імгненна: і гасцям, а ўдзельнікам сумаваць не даваў водгалас свята і баяністы, якія не шкадавалі свае інструменты. Рытмічныя матывы танцавальных кампазіцый не пакідалі ніводнага шанцу адседзецца дзесьці збоку. Таму не дзіўна, што гледачы і ўдзельнікі фестывалю далучаліся да танцораў, як толькі распраналіся.

Не было калі сумаваць і ў фае цэнтра, дзе разгарнулася этнаграфічная выстава «Намітка» Старадарожскага раённага цэнтра рамёстваў – пра адзін з самых прыгожых і сімвалічных элементаў беларускага касцюма. Можна было не толькі паглядзець на гатовыя вырабы, але і павучыцца: на майстар-класе паказвалі, як правільна павязваць і насіць намітку, а ў фотазоне – зрабіць здымкам на памяць.

Аднак асноўная дзея разгарнулася на сцэне вялікай залы, дзе галоўнымі героямі сталі ўдзельнікі фальклорных калектываў і салісткі з Любані і вёсак Ямінск, Пласток, Закальное, Обчын, Рачэнь, Кузьмічы, Палічын і Камуна.


Сярод іх — «Журавушка» з Ямінска, калектыў, які з’яўляецца носьбітам мясцовага песеннага стылю, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Гурт быў створаны яшчэ ў 1974 годзе, а ў 2012-м яго творчасць атрымала афіцыйны статус спадчыны.

У рэпертуары «Журавушкі» – дзясяткі песень, перанятых ад прабабуль, з унікальным мясцовым дыялектам і шчыльным, напружаным многагалоссем.
Асаблівым момантам стала сустрэча двух жывых асяродкаў культуры: песню «Маруся» спявачкі выканалі ў ямінскай манеры разам з фальклорным калектывам «Чуткі» з вёскі Камуны. «Чуткі» – пастаянныя ўдзельнікі «Бабуль», вядомыя і за межамі фестывалю: яны, напрыклад, выступалі з калядным абрадам у музеі Мінскай вобласці. Калі два калектывы зліліся ў адзін голас, традыцыя загучала па-новаму, пры гэтым цалкам захаваўшы стыль.
Акрамя таго, свае вакальныя дадзеныя ў акапэльным гучанні прадэманстравалі любімыя ў раёне закальнецкія «Глыбокія крыніцы», кузьміцкая «Хамеліха», пластоцкая «Беражніца», рачэнскія «Карані». Кожны з прадстаўленых калектываў пастараўся перадаць унікальныя матывы і стыль населеных пунктаў, дзе тыя з’явіліся і беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне, каб дайсці да нашых часоў і не згубіць сваёй непаўторнасці. І іх выступленні гледачы сустракалі не толькі цёплымі авацыямі: з розных радоў ім падпявалі – хто ціхенька, амаль нячутна, а хто і ў поўны голас.
Завяршальным выступеннем гаспадароў стаў нумар ад «Напарачкі». Хаця калектыў і не зусім укладваецца па выканальніцкай манеры ў рамкі фестывалю, яго ўдзельнікаў сустрэлі шчырымі падбадзёрваннямі і бурнымі апладысментамі.
А далей надышоў час і гасцям паказаць свае здольнасці. Першымі на сцэну выйшла «Прусаўчанка» з вёскі Прусы Старадарожскага раёна, пранікнёныя спевы якой не пакінулі гледачоў раўнадушнымі. Сапраўдныя палешукі з фальклорнага ансамбля «Каханачка» з вёскі Прыбалавічы Лельчыцкага раёна заявілі пра сябе не менш яскрава. У іх выкананні можна пачуць фрагменты народнай творчасці з непаўторным каларытам Гомельшчыны.
Сваіх прыхільнікаў знайшлі і выступленні сталічных гасцей. «Стажары» прывезлі на Любаншчыну аўтэнтыку Палесся і Тураўшчыны. Іх спеўная спадчына ўзыходзіць да лірычных песень гістарычных земляў, у тым ліку Піншчыны.

Мужчынскі калектыў «Рада», што таксама завітаў да нас з Мінска, парадаваў традыцыйным беларускім мужчынскім спевам без музычнага суправаджэння. Удзельнікі гурта не прафесійныя спевакі і не этнолагі – гэта аматары, якія самі вандруюць па Беларусі ў пошуках жывой спадчыны: іх рэпертуар сабраны ў экспедыцыях па Магілёўшчыне, Піншчыне, Гомельшчыне. Яны спяваюць рэкруцкія, вясельныя, кірмашовыя песні, і кожная з іх нясе сакральна-медытатыўны характар, які складана перадаць на сцэне, але яны спрабуюць.

А, як кажуць, «на закуску» не абмінулі і кухню. У рамках фестывалю прэзентавалі элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі «Стравы з таркаванай бульбы»: расказалі пра традыцыю прыгатавання страў з цёртай бульбы, а потым усіх запрасілі на дэгустацыю дранікаў у розных варыяцыях і фірмовай бабкі з пылу з жару ад Ганны Ціханоўскай.
Вось так дзявяты фестываль у чарговы раз пацвердзіў, што аўтэнтычныя спевы жывыя, пакуль іх спяваюць разам і перадаюць ад сэрца да сэрца.









