Свята ў Забалаці было багата гасцямі і падарункамі

Культура
26 августа 2024
288

Няма, бадай, больш дарагога для чалавека месца, чым родны куточак, дзе карані і адкуль вытокі. Дзе пачынаецца шлях у вялікае жыццё. Куды міжвольна імкнецца сэрца…

Нездарма свята ў Забалаці пад назвай “Свята хлеба, свята неба, свята маёй вёскі” сабрала столькі ўраджэнцаў, якія цяпер пражываюць у Любані, Салігорску, Мінску, іншых гарадах. Але малая радзіма была і застаецца для іх месцам асаблівага прыцягнення, любай старонкай, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе жывуць іх сваякі.






Пляцоўкай для правядзення ўрачыстасці ўжо па традыцыі стала тэрыторыя каля мясцовага Дома культуры. Работнікі ўстановы аздобілі яе разнастайнымі вырабамі, запрасілі калег, майстроў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія прэзентавалі плён сваёй дзейнасці ў розных напрамках. Для дзяцей арганізавалі гульнёвую зону з батутамі і іншымі забавамі. Але галоўнай дзеяй, канешне, стала  цудоўная творчая праграма. І нягледзячы на тое, што яна працягвалася некалькі гадзін, гэты час прайшоў як адно імгненне ў цёплай, душэўнай, добразычлівай атмасферы.





Шчыра і сардэчна ўсіх прысутных павітала старшыня сельсавета Валянціна Пархімовіч, адзначыўшы, што ў кожнага з нас ёсць тыя па-сапраўднаму святыя мясціны, да якіх хочацца вярнуцца, дзе агортваюць шчымлівыя ўспаміны пра маленства і самых родных людзей. Забалаць жа заўсёды славілася працавітымі і стараннымі вяскоўцамі, дбайнымі гаспадарамі, чыстымі вуліцы, дагледжанымі падворкамі. Прыемна, што і зараз жыццё тут віруе.  Дзеці не забываюць сваю малую радзіму, прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць ім, добраўпарадкоўваюць сядзібы. Валянціна Сяргееўна падзякавала землякам за неабыякавасць, адказны падыход да справы і пажадала бадзёрасці, моцнага здароўя, даўгалецця.





Ну і якое ж свята без віншаванняў! Валянціна Пархімовіч з вядучай Аленай Галадок шчыра, з цеплынёй узгадалі многіх жыхароў, якія з’яўляюцца прыкладам для іншых. У прыватнасці, добрыя словы гучалі ў адрас доўгажыхарак Соф’і Іванаўны Зубарэвіч, Марыі Настасаўны Бахановіч, Ніны Рыгораўны Тамковіч, а таксама Міхаіла Сцяпанавіча  і Марыі Паўлаўны Мігаленяў, якія 63 гады крочаць па жыцці разам. Залатое вяселле ў наступным годзе адзначаць Віктар Аляксандравіч і Людміла Паўлаўна Лістапад, а сёлета абодвум споўнілася  па 70. Яшчэ адной юбілярцы – Веры Аляксандраўне Кадрацені – 75. Для ўсіх іх былі падрыхтаваны падарункі і кветкі. Ушанавалі падчас дзеі і воінаў-інтэрнацыяналістаў Сяргея Міхайлавіча Коўшара і Мікалая Мікалаевіча Шаплыку, лепшых працаўнікоў і ветэранаў сельскай гаспадаркі,  іншых сфер, шматдзетныя сем’і. Звыш паўсотні чалавек запрашалася для ўзнагароджвання. У тым ліку не засталіся без увагі і юныя жыхары – немаўляткі Назар Безпразванны і Вікторыя Коўшар. А таксама у рамках акцыі “Збяром партфель разам" інтэрактыўны плакат атрымала першакласніца Насця Дзялендзік.











Варта сказаць, і самі вяскоўцы падрыхтаваліся: дбайныя гаспадыні напяклі духмяных прыгожых пірагоў. І ўсе з задавальненнем пачаставаліся смачнай выпечкай, што сімвалізуе  дабрабыт і яднанне. А над наваколлем на працягу ўсяго свята ліліся звонкія галасы артыстаў – юных выканаўцаў, дуэта сям’і Караліс, вакальнага гурта “Сяброўкі” Забалацкага СДК і калектыву “Пралескі” Соснаўскага СДК №1. 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio