Аўтарская калонка: Памяць пра мінулае – гэта адначасова і клопат пра сучаснасць і будучыню

Авторская колонка
8 мая 2024
20

Днямі, аддаўшыся пачуццю настальгіі, перагортвала сямейныя фотаальбомы. Мяне так захапілі эмоцыі і ўспаміны, што нават не заўважыла, як падышоў сын. І ўстрапянулася толькі, калі ён ціхенька спытаў: “А хто гэта?” і паказаў на здымак на адной са старонак.

– Мой дзядуля, а твой прадзядуля Фёдар Піліпавіч. Вось такі малады і статны ён быў якраз тады, калі яго прызвалі ў армію. А калі ўжо рыхтаваўся да дэмабілізацыі, Радзіма паклікала ўстаць на абарону ад карычневай чумы. Наш мужны родзіч, як сапраўдны патрыёт, адданы сваёй зямлі, ні хвіліны не вагаўся, адразу ж папоўніў рады барацьбітоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён прайшоў нялёгкі ваенны шлях, быў паранены. Але не збочыў з абранай дарогі, застаўся цвёрдым у сваіх перакананнях. Будзь і ты, сынок, годным нашчадкам свайго слаўнага продка, – заўважыла я.

А ён паглыбіўся ў роздум. Яго твар стаў надта сур’ёзным і засяроджаным. І я не сумняюся, што сын разважаў пра мінулае роднага краю, пра тых, хто, не шкадуючы ні сіл, ні жыцця, аказваў супраціўленнне ворагам, каб яны не змаглі паставіць наш народ на калені.

Дзяды і прадзеды плячом да пляча адстойвалі незалежнасць Айчыны, баранілі яе ад фашысцкай навалы, у партызанскіх атрадах, падполлі, на фронце набліжалі вялікае свята Перамогі. І пра гэта нельга забываць. Бо менавіта памяць пра ваенны подзвіг нашых продкаў з’яўляецца найважнейшай рысай нацыянальнай ідэнтычнасці і крыніцай, з якой мы чэрпаем духоўныя сілы і волю для адстойвання нацыянальных інтарэсаў у такіх няпростых сучасных геапалітычных умовах.

На мой погляд, няма апраўдання тым, хто спрабуе адрадзіць ідэалогію і сімвалы нацызму, апраўдаць генацыд, перапісаць гісторыю ў палітычных мэтах. А каб такога не здаралася, мы, дарослыя, пра вайну павінны гаварыць з дзецьмі з самага маленства. Расказваць пра подзвігі землякоў і родзічаў, пра жахі Вялікай Айчыннай і якую велізарную цану заплаціла наша краіна за перамогу: мільёны чалавечых жыццяў, скалечаныя лёсы тысяч людзей, разбураныя гарады і сёлы…

Памяць пра мінулае – гэта адначасова і клопат пра сучаснасць і будучыню. Таму нават на імгненне нельга забываць крывавую старонку гісторыі, каб не дапусціць яе паўтарэння, каб шчасліва і мірна жылі людзі, умацоўвалася і прыгажэла наша Беларусь.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio