Хутка будзе новы хлеў


На малочнатаварнай ферме «Дарасіно» адкрытага акцыянернага таварыства «Урэцкі» няспынна вядзецца рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых аб’ектаў. Да канца красавіка, па словах прараба названай сельгасарганізацыі Аляксея Мельніка, падворак фермы папоўніцца новым сучасным памяшканнем на 200 галоў буйной рагатай жывёлы. У прасторным клюшачніку на бяспрывязным утрыманні будуць знаходзіцца цяляты на дарошчванні.

У гэтыя дні брыгада, у склад якой уваходзяць шэсць працаўнікоў з Лельчыцкага раёна, ужо завяршае будаўнічыя работы – майструе металічныя ўваходныя вароты (на здымку). Затым дойдзе справа да кармавога стала для жывёлы з абкладальнай пліткі, якая ўжо закуплена. Будаўніцтва ж выгульных пляцовак побач хлява, як і добраўпарадкаванне тэрыторыі, па словах прараба, будзе ажыццяўляцца гаспадарчым спосабам. Дарэчы, на ўзвядзенне клюшачніка выкарыстоўваліся сродкі не толькі ААТ, але і абласнога, і мясцовага бюджэтаў. Дзякуючы агульным намаганням з’явіўся светлы «хорам» для жывёлы. «У ім будзе цёпла і светла, свежае паветра. Канёк, вокны, у тым ліку і тыя, што на даху – усё зроблена з полікарбанату, па новым для нас праекце, – распавёў Аляксей Аляксандравіч. – У гэтым годзе на МТФ «Дарасіно» з’явяцца яшчэ два хлявы для дойнага статка з агульнай даільнай залай, а на МТФ «Крупенікі» – новы хлеў для ўтрымання груп па дарошчванні БРЖ».

Алена ЧАРНЫШОВА.

Фота аўтара.

Ваш отзыв