Што датычыць рэалізацыі апошняга дзяржаве, то ў сельвыканкамаў маецца дамоўленасць з некалькімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія рэгулярна ажыццяўляюць збор малака з падворкаў грамадзян і дастаўку яго ў Любанскі філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». За мінулы год на перапрацоўчае прадпрыемства пастаўлена ад насельніцтва 3 340 166 кілаграмаў прадукцыі ў фізічнай вазе (3 446 326 кг – у заліковай).
Калі прааналізаваць, колькі яго рэалізуецца ў сярэднім за дзень ад адной каровы, то атрымліваецца, што самыя высокія паказчыкі па выніках мінулага года ў малаказдатчыкаў Сароцкага (па 9,6 кг), Камунараўскага (9,18 кг), Соснаўскага (8,72 кг) сельсаветаў. Напрыклад, Тамара Турута з Нежына прадала дзяржаве ад кожнай з чатырох сваіх рагуль па 19,4 кг прадукцыі, Валерый Хаміцэвіч і Марыя Міхнавец са Старых Юрковіч – адпаведна па 19,7 і 22,2 кг, Анатоль Дзядзюля з Рэдкавіч – па 19,8 кг, Любоў Насановіч з Баяніч – па 21,3 кг, Міхаіл Рагалевіч з Барыкова – па 20,3 кг, а яго аднавяскоўка Наталля Берніковіч – увогуле па 49,2 кг. Апошні рэзультат, вядома, выклікае шэраг супярэчлівых пытанняў, на якія і сама гаспадыня не здолела даць грунтоўнага адказу прадстаўнікам Соснаўскага сельвыканкама.
Галоўнае – не баяцца працы. Менавіта такой думкі прытрымліваецца жыхарка вёскі Нежын Вольга Хамлюк. Разам з мужам Аляксеем яны ўтрымліваюць немалую дапаможную гаспадарку: курэй, гусей, свіней і восем рагуль. Ад кожнай атрымалі ў апошнія месяцы па цялятку: двух бычкоў і шэсць цялушак. Апошніх, па словах гаспадыні, мяркуюць гадаваць, каб папоўніць свой дойны статак. «Работы, безумоўна, шмат з усёй жыўнасцю, – распавяла Вольга Фёдараўна, але мы, вяскоўцы, да яе звычныя. Ды і дзеці стараюцца дапамагаць». Дарэчы, сям’я Хамлюк мае статус шматдзетнай. І каб забяспечыць сваіх крывінак усім неабходным, Вольга і Аляксей так і рупяцца. Паспяваюць і на працы (яна – сацыяльны работнік, а ён – вартаўнік у ПМС), і дома.
Вілента