З агульнай колькасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў нашым раёне 92 выяўлены сярод дарослага насельніцтва і 4 – у дзяцей. Большасць з іх – гэта жыхары сельскай мясцовасці (81%). Пры гэтым усё часцей захворванне рэгіструецца ў асоб старэйшых узроставых груп. Так, з 11 чалавек, якія ў бягучым годзе папоўнілі лік хворых на вірус імунадэфіцыту, 6 – старэйшыя за сорак гадоў. У структуры ВІЧ-інфіцыраваных пераважаюць прадстаўнікі моцнай паловы (56 працэнтаў). 40,6% – асобы рабочых спецыяльнасцей, 14,6% – не занятыя пэўнай дзейнасцю, 8,3% – з месцаў пазбаўлення волі. Сярод шляхоў перадачы захворвання ў нашым рэгіёне, як і ў цэлым па вобласці, асноўным з’яўляецца палавы (у 60,7% выпадках – па Мінскай вобласці, 91,6% – па Любанскім раёне). У той жа час пры правядзенні медыцынскіх маніпуляцый за апошнія два дзесяцігоддзі не выяўлена ні аднаго факта заражэння ВІЧ.
Як бачна з прыведзеных лічбаў, праблема не мае ні ўзроставых, ні якіх іншых межаў. А таму важным з’яўляецца своечасовае выяўленне крыніцы захворвання. Дзеля гэтага і праводзіцца скрынінгавае абследаванне насельніцтва. Па рэкамендацыях упраўлення аховы здароўя ў Любанскім раёне штогод ім павінна быць ахоплена не менш за 13 працэнтаў жыхароў. За 8 месяцаў 2018 г. абследавана 11,7% (летась было толькі 7%) – гэта 3 648 чалавек, у тым ліку тры з выкарыстаннем метаду экспрэс-тэсціравання. Паказчык выяўлення склаў 3 на 1 000 абследаваных супраць мінулагодняга 1,8. Таму і далей, улічваючы існуючую эпідэміялагічную сітуацыю, неабходна актыўна праводзіць скрынінг, падкрэсліла Т.Г. Казлоўская.
Таксама важная роля адводзіцца прафілактычна-адукацыйнай дзейнасці. У дадзеным накірунку многае робіцца ў раёне. Ва ўстановах адукацыі ладзяцца семінары, разнастайныя асветніцкія мерапрыемствы, дэманструюцца відэаролікі, фільмы. Праводзяцца гутаркі і ў працоўных калектывах. Спецыялістамі РЦГЭ распаўсюджваецца інфармацыйны матэрыял.
Вілента