18
кастрычніка
2018 года, 08:09
Работа па рэалізацыі Дэкрэта №3 «Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства» ў нашым раёне працягваецца
У чарговы
раз члены пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні
занятасці насельніцтва пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў
Андрэя Драбудзькі правялі выязное пасяджэнне. Месцам яго правядзення быў вызначаны Соснаўскі сельскі савет.
Спецыялісты
сельвыканкама, як зазначыла старшыня Алена Кавальчук, напярэдадні наведалі
кожнага мясцовага жыхара, які не працуе, з тым, каб рэкамендаваць прыйсці на
сустрэчу. Запрашэнні атрымалі 25 чалавек. І многія іх не праігнаравалі. Праўда,
як кажуць, бляск у вачах і жаданне рабіць былі далёка не ва ўсіх. Аднак члены
камісіі даходліва растлумачылі, чым можа абярнуцца незанятасць у эканоміцы для
такіх грамадзян. Ужо літаральна з 1 студзеня 2019 года, у адпаведнасці з
вышэйназваным дэкрэтам, яны павінны будуць кампенсаваць затраты на некаторыя
спажытыя паслугі па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. А гэта зусім не танна.
Таму вяскоўцам, асабліва тым, якія пражываюць у кватэрах і дамах з цэнтральным
ацяпленнем, водазабеспячэннем і г.д., неабходна неадкладна прымаць меры для
працаўладкавання.
Садзейнічанне
ў тым прапанавалі і на пасяджэнні. Члены камісіі і прысутныя прадстаўнікі
арганізацый, што размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета, пастараліся знайсці
кожнаму, хто прыйшоў, месца работы, зыходзячы з мінулага вопыту і наяўнай
спецыяльнасці. У каго не мелася ні таго, ні другога, далі магчымасць стаць на
ўлік беспрацоўных і прайсці навучанне па запатрабаванай у раёне прафесіі. У
прыватнасці, 26-гадовая Паліна хутчэй за ўсё будзе асвойваць парыкмахерскую
справу, яшчэ адзін вясковец згадзіўся атрымаць навыкі печніка. Асноўнай жа
частцы не занятых у эканоміцы жыхароў Соснаўскага сельсавета дадзена
накіраванне ў эксперыментальную базу «Любанская» і
СУ «Загальскі», некалькім маладым людзям – на льнозавод, камбінат будаўнічых
матэрыялаў і ў маставое рамонтна-будаўнічае ўпраўленне. Праўда, спачатку ўсе
яны павінны будуць апраўдаць аказаны давер падчас выпрабавальнага тэрміну.