Як зазначыла старшыня яго Святлана Швед, мясцовасць гэта багатая на таленавітых апантаных людзей. На тэрыторыі замацаваных населеных пунктаў функцыянуе пяць устаноў культуры (Атраднаўскі і Рачэнскі СДК, Закальнецкі Дом фальклору, Обчынскі і Жораўскі Дамы народнай творчасці), дзейнічае шэраг творчых калектываў, рознабаковых аматарскіх аб’яднанняў. Усе яны плённа працуюць, радуюць сваімі выступленнямі, песенным, танцавальным і інш. майстэрствам, у скарбонцы маюць шмат узнагарод за ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах, фестывалях.
Удзельнікі таксама пабачылі, колькі цікавых вяскоўцаў пражывае ў Рачэнскім сельскім савеце. У Обчыне пазнаёміліся з аўтэнтычным фальклорным калектывам «Павалякі», якія і спяваюць прыгожа, і гатуюць смачна стравы традыцыйнай беларускай кухні. У Жораўцы сталі сведкамі выпякання хлеба па старадаўнім рэцэпце. Гэту справу там узнавіла Ірына Жудрык, якая пераняла тэхналогію ад сваёй матулі. У Атраднаўскім сельскім Доме культуры дэпутатаў гасцінна сустрэла фальклорная група «Карані». Да слова, яе ведаюць нават далёка за межамі роднай вёскі. Сям’я Ціханоўскіх сваім чароўным спевам стварае добры настрой на розных мерапрыемствах. З’яўлялася ўдзельніцай тэлевізійнага праекта «Хата на хату». Акрамя музыкі, Ціханоўскія займаюцца і іншымі відамі творчасці: саломапляценнем, вышываннем крыжыкам і г.д. Шмат майстравітых жыхароў і ў Рачэні, Закальным. У прыватнасці, на выставе ў Рачэнскім СДК былі прадстаўлены тканыя паясы Святланы Адзінец і вырабы ў тэхніцы выцінанкі Наталлі Адзінец.
У сваю чаргу галоўны захавальнік фондаў музея народнай славы Валянціна Цімафіевіч абмалявала сітуацыю па стане і захаванні помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, што размешчаны ў нашым раёне. Такіх у нас 16: з іх 14 матэрыяльных нерухомых аб’ектаў (12 археалагічных і 2 мемарыяльныя комплексы), 1 матэрыяльны рухомы (клад сярэбраных манет 16-17 ст.) і 1 нематэрыяльны (мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі калектывамі «Журавушка» (Ямінск), «Глыбокія крыніцы» (Закальное), «Павалякі» (Обчын). Рэгулярна па іх праводзяцца маніторынгі, і апошні паказаў: усе помнікі знаходзяцца ў здавальняючым стане. Заўвагі, якія ёсць, Валянціна Анатольеўна агучыла для таго, каб у хуткім часе і яны былі выпраўлены.
Падсумоўваючы вынікі выязнога пасяджэння, старшыня райсавета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Андрэй Драбудзька заўважыў, што на Любаншчыне захаванню культурнай і гістарычнай спадчыны надаецца належная ўвага, прадпрымаюцца ўсе намаганні па адраджэнні мясцовых традыцый. Надалей дадзеная работа будзе працягвацца. На актывізацыю яе накіраваны і рашэнні, прынятыя па разгледжаных пытаннях дэпутатамі.