Нас з усмешкай сустрэла прыгожая жанчына. Гутарылі з Аленай Уладзіміраўнай у доме сясцёр Наталлі Навумаўны Лапановіч і Вольгі Навумаўны Паторскай. Справа ў тым, што А.У. Курда працуе сацыяльным работнікам, а гэтыя дзве жанчыны, якім за восемдзесят гадоў, знаходзяцца ў яе на абслугоўванні. Абедзве сястры – ветэраны працы, яны звыш сарака гадоў адшчыравалі ў жывёлагадоўлі.
– Наша вёска невялікая, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – Мы тут палічылі з Вольгай Навумаўнай, што ў ёй пражываюць 34 чалавекі. Летам, праўда, больш, калі ў пустыя бацькоўскія дамы прыязджаюць дачнікі.
Як высветлілася, старастай жанчына з’яўляецца ўжо гадоў дзесяць. За гэты час дасканала вывучыла свае абавязкі. Напрыклад, як пазаштатны пажарны, кантралюе, каб у кожным доме праводка адпавядала патрабаванням бяспекі, а печ знаходзілася ў добрым стане. А.У. Курда дбае пра навядзенне парадку ў вёсцы. Дарэчы, так атрымалася, што побач з яе домам з аднаго і другога бакоў збудаванні пустуюць. Дык калі прыбірае тэрыторыю каля ўласнага, і суседнія не пакідае без увагі. А ў межах праекта ТЦСАН «Ненаглядная старонка» ў дварах сваіх падапечных штогод высейвае аксаміткі, якія квітнеюць ад канца лета і да першых маразоў. Радуюць у плане добраўпарадкавання сядзіб дачнікі, у якіх, здаецца, клумбы займаюць больш месца, чым градкі.
Навіну пра тое, што на новую агароджу для мясцовых могілак трэба сабраць грошы, жыхары вёскі ўспрынялі без негатыву. Хаця і памер ахвяравання быў немаленькім. Тым не менш, свой унёсак у агульную справу зрабілі ў кожным двары без выключэння. Летам 2017 года на могілках цалкам замянілі агароджу – замест старой непрыгляднай драўлянай з’явілася жалезабетонная. Жыхары пасля неаднаразова дзякавалі старасце за такую перамену. Дарэчы, Алена Уладзіміраўна разам з іншымі добраахвотнікамі пасля займалася пафарбоўкай агароджы.
– Звароты, якія паступаюць ад насельніцтва, перадаю Васільеўне (старшыні Рачэнскага сельвыканкама Святлане Васільеўне Швед. – Заўв. аўт.), – адзначае гераіня публікацыі. – Яна і сама часта да нас прыязджае. Так, адна з апошніх просьбаў аднавяскоўцаў датычыць падаўжэння часу работы ліхтароў, бо цяпер віднее позна, а цямнее рана.
Сацыяльным работнікам А.У. Курда працуе з 2005 года. У яе на абслугоўванні знаходзіцца 7 чалавек – шэсць у Старой Дуброве і адзін у Атрадным. Прыбраць у іх дамах, прынесці туды вады і дроў, аплаціць камунальныя паслугі, купіць неабходныя тавары – гэта няпоўнае кола яе прафесійных абавязкаў. А яшчэ жанчына сочыць за станам іх здароўя: пастаянна мерае ціск, кантралюе, каб тыя не забыліся прыняць лекі, час ад часу выклікае фельчара.
– Вольга Навумаўна любіць чытаць газету, – працягвае суразмоўца. – Бывае, прачытае артыкул, не зразумее які момант і просіць, каб я растлумачыла, што аўтар меў на ўвазе.
Сама Алена Уладзіміраўна родам са Старой Дубровы. Тут і жыве ў бацькоўскім доме. Яна клапатлівая жонка і маці. Муж працуе ў Любанскім лясніцтве. Старэйшаму сыну – Уладзіславу – 23 гады, ён горны электрамеханік, жыве ў Петрыкаве. Малодшаму – Даніілу – 7 гадоў, ён другакласнік.
Напрыканцы размовы пытаюся ў старасты, ці хоча яна штосьці дадаць да вышэйсказанага.
– Засмучае мясцовых жыхароў, што ўсё ніяк свята вёскі не могуць дачакацца. Летам гаворка вялася пра магчымую яго арганізацыю, аднак нешта таму перашкодзіла. Вось жа ў суседняй з намі Новай Дуброве кожны год такое свята (гасцявы кірмаш. – Заўв. аўт.) ладзіцца…
Рабцава