Надвор'е:

Курсы валют:
Аб'явы
Радыё
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»
(8-017-94) 55-5-62 ,
SMS-інфармаванне

+ 375-29-194-77-56

Прапанаваць навіну
16 верасня 2019 года
Все сельсоветы
Галоўная  /  Навіны  /  Спартыўныя навіны
22 жніўня 2019 года, 10:16

Любанчане занялі на фестывалі «Васільковы вянок» восьмае агульнакаманднае месца

 
Вуліца Турыстаў з’явілася на тры дні на адной з прыстаней ракі Волмы непадалёку ад вёскі Іванічы Чэрвеньскага раёна. На ёй можна было налічыць 17 двароў. У кожным устанавілі пяць і больш намётаў. Жыхарамі вуліцы сталі каля 300 чалавек, якія прыехалі з розных куточкаў сталічнага рэгіёна.

На вуліцы ў гонар турыстаў размясціліся ўдзельнікі фестывалю «Васільковы вянок» актыву Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Ён прайшоў з 16 па 18 жніўня.


Колькасць двароў адпавядала колькасці каманд, якія выставілі РК (ГК) БРСМ. Не было толькі прадстаўнікоў Валожынскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Смалявіцкага і Старадарожскага раёнаў.

Як сапраўдныя суседзі па вуліцы, каманды аказвалі садзейнічанне адна адной у абуладкаванні бівуакаў. Так, дзяліліся граблямі, рыдлёўкай, цвікамі… А калі ў любанчан адмовіўся працаваць генератар, на дапамогу прыйшлі капыльчане. Яны дазволілі падключыцца ад іх электрычнай сеткі.

Удзельнікі леташняга «Васільковага вянка» памята­юць, як на Крупшчыне, дзё ён праводзіўся, два дні практычна без перапынку ішоў дождж. Сёлета з надвор’ем пашанцавала. На мінулых выхадных яно выдалася цудоўным: днём свяціла сонейка, нават даводзілася шукаць ад яго паратунку ў цені.

Праграма спаборніцтваў складалася з сямі этапаў, як творчых, так і спартыўных: візітка, падыманне гіры, міні-чэмпіянат па жыму штангі, валейбол, паласа перашкод, прэзентацыя лагера, перацягванне каната. Некалькі конкурсаў былі праведзены па-за залікам: на лепшую васільковую сукенку, на лепшую песню пад гітару.

У склад каманды Любанскага РК ГА «БРСМ» увайшлі адзінаццаць чалавек. Узначаліла яе першы сакратар Вольга Радчэня. Землякі не прэтэндавалі на высокія месцы ў рэйтынгавай табліцы. Прыярытэтам для іх было прыняць удзел ва ўсіх этапах спаборніцтваў. І атрымаць ад гэтага задавальненне.

Пры падыманні гіры вагой 24 кілаграмы некаторыя асілкі ў запале выпусцілі яе з рук, за што былі дыскваліфікаваны. Любанчане падышлі да справы без фанатызму і паказалі 11-ы вынік. У міні-чэмпіянаце па жыму штангі вагой 55 кілаграмаў землякі занялі 15-е месца. Дзясятку мацнейшых наша каманда замкнула ў турніры па валейболе.

Этапы паласы перашкод добра знаёмыя бывалым турыстам: бервяно (неабходна было перакінуць яго праз роў і перабрацца на другі бераг), маятнік, купіны, пастка, паралельныя вяроўкі, гаць (пера-адолець умоўнае балота па жэрдцы). Кожная дапушчаная на тым альбо іншым этапе памылка каштавала 30 секунд, якія дадаваліся да фінішнага часу. Каманда любанчан адразу паставіла перад сабой задачу: няхай і не хутка прайсці дыстанцыю, аднак без памылак. І хаця не ўсё ў землякоў атрымалася роўна ды гладка, бо хваляваліся, у выніковым заліку яны размясціліся на 7 радку.

Падчас візітоўкі наша каманда пазнаёміла ўдзельнікаў фестывалю з трыма волатамі: Алёшам Слаўным, Дабрынем Партызанскім і Ільёй Любанскім. Журы ацаніла выступленне землякоў і аддало ім дзявятае месца.

Любанчане гасцінна сустракалі каманду суддзяў у сваім лагеры. Аднак перш чым пачаставаць іх згатаваным у паходных умовах пловам, прапанавалі прайсці міні-квэст. З усімі заданнямі арганізатары фестывалю на чале з маладзёжным лідарам вобласці Кірылам Шыкам справіліся на выдатна. Як стала вядома пасля, у дадзеным этапе спаборніцтваў (прэзентацыя лагера) землякі занялі шостае месца. Як, дарэчы, і ў перацягванні каната. Першую сустрэчу са зборнай камандай Крупскага і Мядзельскага раёнаў любанчане выйгралі. А вось у другой, дзе сапернікамі былі случчане, – саступілі.

У агульнакамандным рэйтынгу любанчане размясціліся на восьмым радку з сямнаццаці магчымых.

Чэрвеньшчына прыняла чацвёрты «Васільковы вянок». Першы фестываль у 2016 годзе прайшоў у Лагойскім раёне. Пасля месцам яго правядзення станавіліся Любанскі (2017) і Крупскі (2018) раёны.

 

 

Дар'я

Рабцава


Архіў сайта
16
2019
Верасень
Дэкрэт №7 2-е еўрапейскія гульні Тэма тыдню Дэкрэт №3 Аддзел адукацыі Любанскага РВК Тэлефоны гарачых ліній Год малой радзімы