Брыгадзе спатрэбілася крыху больш за тры тыдні, каб справіцца з ускладзенай задачай: 5 верасня прыступілі да работ, а 30 – загарнулі апошняе зярнятка ў глебу. Здавалася б, у азначаны тэрмін надвор’е спрыяла, але, як пазначыў галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Шэўчык, вільгаці ўсё ж не хапала, спецыялісты непакоіліся, ці будзе яе досыць насенню азімага жыта і трыцікале. На шчасце, напрыканцы месяца нарэшце пайшлі дажджы і глеба насыцілася, а ўсходы паспелі раскусціцца. Для больш надзейнага выніку тарфянікі апрацавалі каткамі для ўшчыльнення. Увогуле, пастараліся зрабіць усё, каб ураджай парадаваў.
Увесь клін азімых у гаспадарцы склаў 849 га, 353 га з якіх – крыжацветныя. На сяўбе былі задзейнічаны пяць працаўнікоў сельгасупраўлення. Трактарысты Мікалай Корзун на МТЗ-3022 з дыскатарам АД-600 і Сяргей Кісель на МТЗ-1221 з прычапным БДК-4 рыхтавалі глебу. Мікалай Мешчангін на МТЗ-2022 з пасяўным агрэгатам АПП-4 сеяў азімыя. На яго ліку 753 га ад агульнай плошчы, што аддадзена пад азімыя. Напрыканцы кампаніі да Мікалая Мікалаевіча далучыўся Мікалай Капылоў, які на МТЗ-82 з сеялкай СЗУ-3.6 актыўна ўключыўся ў работы, каб паспець завяршыць сяўбу ў адведзеныя агратэхнічныя тэрміны. Вадзіцелі Уладзімір Грыцкевіч і Адам Чарноў былі задзейнічаны на падвозцы насення механізатарам. Шчыраваць усім давялося амаль кожны дзень з рання да позняга вечара, затое цяпер з упэўненасцю можна сказаць, што напружаная работа прынесла свой плён.
Добра папрацавала і каманда, што займалася насеннем. Зерне своечасова прасушылі, пачысцілі і пратруцілі. Дарэчы, матэрыял для сяўбы выкарысталі ўласны. На 26 га пасеялі элітныя азімыя жыта і трыцікале, на астатняй плошчы – першую рэпрадукцыю. Застаецца спадзявацца, што прыкладзеныя намаганні і гаспадарскі падыход да справы кіраўніцтва сельгасупраўлення і калектыву прадпрыемства дазволяць сабраць добры ўраджай.
Крывальцэвіч