У штодзённых клопатах, як часта здараецца, мы забываем пра тое, якой цудоўнай і бестурботнай была залатая пара дзяцінства і юнацтва, колькі цудоўных момантаў з ёю звязана. А падчас сустрэчы з былымі аднакласнікамі ў сценах роднай установы адукацыі ўспаміны нібы ажываюць, кранаюць сэрца, даюць магчымасць акунуцца ў мінулае. Прыгадваюцца сумесныя паходы, суботнікі, цікавыя гісторыі, класныя, інфармацыйныя гадзіны і многае іншае, без чаго нельга ўявіць вучнёўскую рэчаіснасць.
Амаль паўтары тысячы выпускнікоў Любаншчыны завіталі на вечар школьных сяброў. Хтосьці з іх атрымаў атэстат сталасці літаральна год таму і яшчэ, як кажуць, не паспеў засумаваць па ўроках і перапынках. Але большасць былых навучэнцаў ужо дарослыя людзі, якія састаяліся ў прафесіі, дасягнулі пэўных поспехаў, наладзілі асабістае шчасце. Ім было пра што расказаць. І яны распавядалі: з задавальненнем адказвалі на пытанні старшакласнікаў, з вышыні пражытых га-доў давалі ацэнку сваім мінулым учынкам, дзяліліся ўражаннямі пра арганізаванае для іх свята. А яшчэ, вядома ж, гаварылі самыя шчырыя, цёплыя словы ўдзячнасці ў адрас любімых настаўнікаў, якія, не шкадуючы сіл, часу, шчодра аддавалі свае веды, вучылі чалавечнасці, узаемападтрымцы і дапамаглі атрымаць пуцёўку ў жыццё.
У знак падзякі выпускнікі падрыхтавалі падарункі. Спартыўны інвентар, відэакамера, тэлевізар, абсталяванне для актавай залы і шмат іншых неабходных рэчаў на агульную суму 4 313 рублёў перададзена ў мінулую суботу ў карыстанне ўстаноў адукацыі. Пры гэтым, па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама Таццяны Каравацкай, некаторыя з былых вучняў неўпершыню аказваюць такую дапамогу. Пасля сёлетняй жа сустрэчы дванаццаць выпускнікоў уключаны ў састаў папячыцельскіх саветаў школ (Малагарадзячыцкай, Сароцкай і г.д.) з тым, каб і далей удзельнічалі ў іх жыцці, усебакова падтрымлівалі.
Вілента