Надвор'е:

Курсы валют:
Аб'явы
Радыё
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»
(8-017-94) 55-5-62 ,
SMS-інфармаванне

+ 375-29-194-77-56

Прапанаваць навіну
20 верасня 2020 года
Все сельсоветы
Галоўная  /  Навіны  /  Год малой радзімы
29 лістапада 2018 года, 13:06

З песняй на вуснах і ў сэрцы

 
Жыве ў Палічыне ўнікальны чалавек – Марыя Гаўрылаўна Насановіч. Распавядаючы гісторыю свайго жыцця, баба Маня (менавіта так яе называюць у вёсцы) кажа, што жыла «як усе, ні ў пашане, ні ў славе». Слава прыйшла да жанчыны ўжо ў сталым узросце.

Нарадзілася Марыя Гаўрылаўна на Петрыкаўшчыне. Калі пачалася вайна, ёй ледзь  споўнілася шэсць гадоў. Ратуючыся ад фашыстаў, яе маці ўзяла ўсіх сваіх чатырох дзетак ды пайшла з імі ў лес. Удзень паліла вогнішча, тоё-сёе гатавала, на ноч касцёр тушылі – так у лесе ўпяцёх яны і пражылі тры гады, да самага вызвалення. Дзякуй Богу, вайна не забрала нікога з сям’і Марыі, неўзабаве з нямецкага палону вярнуўся і бацька, і праз некалькі гадоў сям’я пераехала на Любаншчыну – у Сосны.

Лес, што ратаваў дзяўчынку ў дзяцінстве, на ўсё жыццё стаў для Марыі Гаўрылаўны верным сябрам. Яна так пра яго і кажа – як пра чалавека. Вітаецца, калі прыходзіць да яго ў госці, дзякуе за грыбы ды ягады, просіць Бога, каб абмінуў яго пажар… І дагэтуль, калі мае хвілінку, бяжыць у лес, дзе ціха і спакойна, дзе дабрэеш душой…

Скончыўшы чатыры класы, Марыя пайшла працаваць. Пасвіла цялят ды цэлымі днямі спявала песні. Колькі іх хавае яе памяць, Марыя Гаўрылаўна і сама не ведае. З песняй па жыцці і шчыраваць было лепш, нездарма ў Соснах была ў ліку перадавых даярак. Калі рабіла ў Палічыне на свінаферме, нараканняў таксама ніколі не мела. Дома – прала, ткала, шыла, вышывала… «Бадай, няма нічога, што я б не ўмела рабіць», – адзначае яна. Ды і зараз, хаця ёй больш за восемдзесят, жанчына не сядзіць без справы: сама абрабляе свой гародчык, робіць усе хатнія справы.

А тую самую славу прынеслі бабе Мані менавіта песні. За апошняе дзесяцігоддзе яна  двойчы пабывала ў Вільнюсе на міжнародным фестывалі «Покровкие колокола», нават была на прыёме ў беларускім пасольстве ў Літве. Ёй і яе творчасці была прысвечана тэлеперадача «Наперад у мінулае», пасля чаго песня «Ой, пайду я, выйду», якую спявае Марыя Гаўрылаўна, з’явілася ў рэпертуары беларускай спявачкі Гюнэш. Апошняе замежнае падарожжа Марыі Насановіч адбылося гэтым летам – яна прымала ўдзел у Міжнародным фальклорна-этнаграфічным фестывалі «Славянскі Дом» у падмаскоўным Падольску. У кастрычніку разам з іншымі любанчанамі Марыя Гаўрылаўна абараняла гонар раёна на абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» у Мар’інай Горцы. А на раённых абрадавых святах кшталту Русалля ці Пятровіцы яна заўжды жаданы госць.

Даючы нам невялікі майстар-клас, баба Маня кажа: «Калі песня жаласлівая – яе трэба спяваць, быццам плачаш». Нездарма песні Марыі Гаўрылаўны прабіраюць да самай душы. Калі яна выступае на сцэне – зал змаўкае, і на вачах у гледачоў з’яўляюцца слёзы. Так спяваць, як гэтая жанчына, сёння не ўмее ніхто. І гэта не пераўвелічэнне: Марыя Насановіч – адзіны вядомы прадстаўнік спеўнага палескага стылю «лугавыя спевы».

Як адзначае загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Любанскага РЦК Сяргей Выскварка, сярод асаблівасцей гэтага стылю – высокая манера выканання і вялікая ступень імправізацыі. То бок, песня ніколі не выконваецца аднолькава, кожны раз у ёй ёсць нейкія адметнасці. Што цікава, нават сучасныя эстрадныя творы Марыя Гаўрылаўна можа спяваць у гэтым стылі. Яшчэ трэба адзначыць, што выконваць песні такім чынам маглі адразу некалькі чалавек, кожны з іх імправізаваў па-свойму – і так стваралася адна мелодыя. Гэта ўсё было быццам на ўзроўні падсвядомасці, гэтаму нельга было навучыцца – толькі адчуць, таму часцей за ўсё ра-зам спявалі родзічы ці блізкія сяброўкі.

Вось такія людзі – па-вясковаму простыя, па-палеску шчырыя, душой і сэрцам адданыя роднай зямельцы – жывуць і праслаўляюць нашу Бацькаўшчыну.
 
Настасся

Дашкевіч


 
 

Архіў сайта
20
2020
Верасень
Год малой радзімы 2-е еўрапейскія гульні Дэкрэт №7 Дэкрэт №3 Тэлефоны гарачых ліній Тэма тыдню Аддзел адукацыі Любанскага РВК