Наша раёнка для многіх жыхароў стала ўжо неад’емнай часткай жыцця. Але далёка не ўсе ўяўляюць, як нараджаецца кожны новы нумар выдання. А гэта, дарэчы, няпросты творчы працэс, у якім задзейнічаны журналісты, карэктар, аператары электронага набору і вёрсткі. І калі з карэспандэнтамі героі публікацый сустракаюцца ўвачавідкі, то, напрыклад, аператары застаюцца, як кажуць, у цяні. Хаця іх уклад у агульную справу таксама важкі – яны ствараюць электронныя арыгінал-макеты газетных палос, якія пасля адпраўляюцца ў друкарню.
Варта сказаць, што правільнае размяшчэнне матэрыялаў на старонцы – сапраўднае мастацтва. І нашы аператары ЭНіВ Вольга Брагінец і Алена Краўчанка ім валодаюць. Яны выконваюць свае абавязкі на высокім прафесіянальным узроўні. Дасканала асвоілі спецыяльныя праграмы для вёрсткі, агульныя правілы афармлення газетных палос. Пры гэтым Вольга Віктараўна і Алена Віктараўна ўвесь час удасканальваюць сваё майстэрства, займаюцца самаадукацыяй, пашыраюць веды, што, вядома ж, станоўча адбіваецца і на дызайне выдання.