Надвор'е:

Курсы валют:
Аб'явы
Радыё
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»
(8-017-94) 55-5-62 ,
SMS-інфармаванне

+ 375-29-194-77-56

Прапанаваць навіну
25 травня 2020 года
Все сельсоветы
Галоўная  /  Навіны  /  Адукацыя і развіццё
6 сакавіка 2019 года, 12:06

Вялікія поспехі вясковай дзяўчыны

 
Напярэдадні Дня беларускай навукі напрыканцы студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам. Усяго дакументы атрымалі 20 дактароў навук і 7 прафесараў. У ліку апошніх і выкладчык кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі БелдзяржуніверсітэтаТаццяна Дасаева.

 

Нарадзілася Таццяна Мікалаеўна ў Слуцкім раёне, аднак дзяцінства яе прайшло на Любаншчыне.

Яе бацькі яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся тут супраць фашыстаў у партызанскім атрадзе імя Р.І. Катоўскага, які быў сфарміраваны ў в. Пярэспе. Праз некаторы час пасля вайны Мікалай Андрэевіч і Паліна Пятроўна Жукі надоўга пасяліліся ва Урэччы.

Бацькі Таццяны абое былі настаўнікамі-філолагамі. Таму, напрыклад, у іх дома не было недахопу ў кнігах – як дзіцячай, мастацкай літаратуры, так і рознага кшталту энцыклапедычных даведнікаў. Але не толькі добрую падрыхтоўку далі сваім дзецям Мікалай і Паліна. З дзяцінства прывівалі яны пачуццё годнасці і адказнасці за свае ўчынкі, уменне дасягаць сваіх мэтаў. Нездарма і Таццяна, і яе старэйшыя сёстры – Тамара і Галіна – былі выдатніцамі: школу скончылі з медалямі, атрымалі вышэйшую адукацыю…

У 1968 годзе, пасля заканчэння Урэцкай сярэдняй школы №1, Таццяна паступіла на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, у час вучобы ў якім адбылася адна з найбольш знакавых і незабыўных падзей у жыцці. За пяць гадоў вучобы ў вну яна не атрымала ніводнай чацвёркі і, калі дзяўчына вучылася на 4 курсе, прыняла ўдзел ва Усесаюзным злёце студэнтаў-выдатнікаў у Крамлёўскім палацы, дзе ёй уручылі медаль «За трудовую доблесть». Адразу пасля вяртання з Масквы Таццяна Мікалаеўна выступіла на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 50-годдзю з дня заснавання БДУ. яна знаходзілася ў прэзідыуме побач з кіраўнікамі ўрада, сярод якіх быў і Пётр Міронавіч Машэраў.

У 1973 г. Таццяна скончыла ўніверсітэт, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Далей была праца ў вясковай школе, вучоба ў аспірантуры… І праца навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук Беларускай ССР, дзе ўдзельнічала ў падрыхтоўцы дзесяцітомніка твораў Івана Мележа,  працавала над летапісам жыцця і творчасці свайго любімага пісьменніка – Максіма Гарэцкага. З 1998 года Таццяна Дасаева выкладае на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 2003 г. з’яўлялася загадчыкам кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры журфака. Сёння чытае студэнтам дысцыпліны па беларускай літаратуры, гісторыі замежнай і асновах міжнароднай журналістыкі і інш. Строгая, але справядлівая, да кожнай сваёй справы ўсё жыццё падыходзіла адказна, і таго ж самага патрабуе ад сваіх навучэнцаў.

Прафесар Таццяна Дасаева – адзін з найбольш вядомых і паважаных выкладчыкаў на факультэце журналістыкі. Сама яна навучалася ў многіх знакамітых людзей, сярод якіх былі Ніл Гілевіч, Алесь Адамовіч… Але сцвярджае, што галоўным настаўнікам для яе заўжды быў бацька. Мікола Жук – ветэран педагагічнай працы, усё жыццё займаўся літаратурнай творчасцю, быў паэтам. Яшчэ да вайны яго вершы друкаваліся ў часопісах побач з творамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Надалей тэма вайны часта знаходзіла адлюстраванне ў яго творах. Таму  пра яе Таццяна Мікалаеўна найперш даведалася не з мастацкай літаратуры, а з расказаў бацькі – праўдзівых, жорсткіх, нерамантычных. Іх адносіны – таты і дачкі – былі надзвычай прыгожымі, пяшчотнымі і далікатнымі. На жаль, бацькі не дачакаліся вялікіх поспехаў Таццяны ў творчай дзейнасці, аднак заўжды верылі ў яе, падтрымлівалі і ганарыліся. У вершы «Дачцэ Тані» Мікола Жук пакінуў ёй свой запавет: «Ты зможаш тое, чаго я не змог…».

Кацярына ЛЯШКЕВІЧ.

 

Архіў сайта
25
2020
Травень
2-е еўрапейскія гульні Дэкрэт №7 Дэкрэт №3 Тэлефоны гарачых ліній Тэма тыдню Год малой радзімы Аддзел адукацыі Любанскага РВК