17
красавіка
2019 года, 12:53
Чарговая перамога ўжо на міжнароднай арэне
На мінулым тыдні на базе адной з
маскоўскіх школ адбыўся вочны этап Міжнароднага конкурсу праектна-даследчых
работ школьнікаў, студэнтаў і педагогаў “Прызма”. Першапачаткова ўдзел у ім
прынялі каля васьмісот работ, з якіх экспертнае журы, куды ўвайшлі кандзідаты і
дактары навук, выкладчыкі вядучых вышэйшых навучальных устаноў Расіі, Беларусі,
вучоныя-практыкі, а таксама лаўрэаты грантаў у сферы адукацыі, да другога этапа
дапусціла ўсяго чвэрць. Сярод іх апынуўся і праект “У пошуках страчанага.
Рэканструкцыя фальварка Паўночна-заходняга края Расійскай Імперыі пачатку XVIII стагоддзя” за аўтарствам
вучаніцы 10 класа сярэдняй школы №3 г. Любані Паліны Нямальцавай. Як расказала
нам навуковы кіраўнік работы, дырэктар трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, Ірына
Нямальцава, паспрабаваць свае сілы ў міжнародным конкурсе ім прапанавала
метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння турысцка-краязнаўчай і
эколага-натуралістычнай работы Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра
Наталля Обухава, якая збірала каманду ад сталічнага рэгіёна. Паект фальварка
ўжо добра знаёмы ў нашай краіне, таму не дзіўна, што менавіта Паліну запрасілі
далучыцца да каманды, у якую да таго ж увайшлі навучэнцы з Барысаўскага,
Валожынскага, Клецкага, Нясвіжскага, Салігорскага раёнаў. Усяго Міншчына
прэзентавала 34 вучэбна-даследчых, сацыяльных і праектых работ у чатырох
намінацыях: “Вектар”, “Выбар”, “Наватар” і “Ініцыятар”. Як мы ўжо пісалі, пасля
завочнага этапа ў Маскве сабраліся аўтары каля двюхсот работ, як вы ўжо
зразумелі, не толькі з Беларусі, розных куткоў Расіі, а і з замежжа. Юныя
даследчыкі прадставілі свае праекты ў рэжыме анлайн-канферэнцыі. Любанчанка
Паліна Нямальцава прэзентавала свой даклад упэўнена і дастойна. Так жа адказала
і на ўсе пытанні членаў журы, якое высока ацаніла работу і выступленне нашай
зямлячкі. Па выніках конкурсу дзесяцікласніца ўзнагароджана Дыпломам пераможцы.
Да таго ж, сёння завяршаецца XVIII
Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і
творчасці моладзі, што навучаецца, прысвечаная Году малой радзімы, дзе таксама
заяўлены прает Паліны.