Надвор'е:

Курсы валют:
Аб'явы
Радыё
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»
(8-017-94) 55-5-62 ,
SMS-інфармаванне

+ 375-29-194-77-56

Прапанаваць навіну
9 ліпеня 2020 года
Все сельсоветы
Галоўная  /  Навіны  /  Навіны культуры
25 студзеня 2019 года, 07:05

«Святая Зорка Нараджэння» ўзышла на Любаншчыне

 
З благаславення епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія 15 студзеня ў нашым горадзе адбылося маштабнае свята, прысвечанае Раству Хрыстову.

 

Раніцай у храме Праабражэння Гасподняга прайшло святочнае богаслужэнне, пасля завяршэння яго – хрэсны ход, галоўнымі ўдзельнікамі якога сталі дзеці. Яны ішлі ад храма да будынка школы мастацтваў, дзе ўрачыстасць атрымала працяг.

Утульная зала ДШМ у гэты дзень сапраўды не мела магчымасці ўмясціць гледачоў – вельмі шмат было жадаючых наведаць імпрэзу. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся ўладыка Антоній, які павіншаваў усіх са святам, выказаў словы падзякі арганізатарам фестывалю, падкрэсліўшы, што Божае Нараджэнне аб’ядноўвае людзей, абуджае ў іх сэрцах жаданне стаць больш добрымі і міласэрнымі. Тамара Дамашэвіч, намеснік старшыні райвыканкама, у сваім выступленні адзначыла:

– Цудоўна, што  на Любанскай зямлі сабраліся людзі, якія лічаць духоўнасць галоўным у жыцці. Калі мы з чыстай душою і адкрытым сэрцам пачынаем рабіць добрыя справы, то гэта дапамагае змагацца з тымі негатыўнымі з’явамі, якія, на жаль, ёсць у нашым грамадстве. Тамара Мікалаеўна пажадала прысутным не губляць веру ў тое, што свет цудоўны і стане яшчэ лепшым дзякуючы ўдзелу кожнага з нас.

У канцэрце «Неба і Зямля радасна спяваюць» прагучалі творы ў выкананні царкоўна-прыходскіх хароў Слуцка-Салігорскай епархіі, узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Міханавіцкага Дома фальклору, харавых калектываў Мінскай вобласці. З замілаваннем слухалі прысутныя спевы таленавітых выканаўцаў, сярод якіх была і духоўная  капэла  царквы Праабражэння Гасподняга з Любані.

У межах фестывалю праходзіў ІІ адкрыты рэгіянальны дзіцячы конкурс выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Божы дар», удзельнікамі якога сталі юныя мастакі і рамеснікі з розных куточкаў Мінскай і Гомельскай абласцей. Пазнаёміцца з іх работамі можна было ў выставачнай зале, якая знаходзіцца на другім паверсе ДШМ. Там працавала і журы пад кіраўніцтвам Раісы Раманені, члена Саюза народных майстроў Рэспублікі Беларусь, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Беларускі сувенір». Да слова, у склад журы ўваходзіў і благачынны Любанскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Драгун, які таксама прыняў удзел і ва ўшаноўванні пераможцаў конкурсу. Аўтары 66 работ былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.


Свята працягвалася, і павіншаваць з ім, падарыць добры настрой гледачам у Любань завіталі два бабруйскія ансамблі: вакальны – «Любава» і народны казачы «Вольница». У рэпертуары калектываў – песні рускіх, беларускіх, украінскіх аўтараў, шчыра і душэўна выконвалі іх самадзейныя артысты.


Надалей любанчане папалі на сапраўдны баль, які адбыўся ў фае ДШМ. Вальсы, паланэзы, мазуркі ў выкананні навучэнцаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча нікога не пакінулі раўнадушным. Вядома ж, прысутныя былі вельмі ўдзячны арганізатарам свята – Слуцка-Салігорскай епархіі, калектывам Любанскай дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (дырэктар Любоў Пятроўна Серавокая), дзіцячай школы мастацтваў (дырэктар Васіль Рыгоравіч Стэльмах), аўтару сцэнарыя і рэжысёру – Галіне Аляксандраўне Жураўскай, вядучым, выканаўцам – усім, чыімі намаганнямі «Святая Зорка Нараджэння» ўзышла на Любаншчыне.
 
Галіна

Гедройц


Архіў сайта
9
2020
Ліпень
Тэма тыдню Аддзел адукацыі Любанскага РВК Дэкрэт №3 Дэкрэт №7 Год малой радзімы Тэлефоны гарачых ліній 2-е еўрапейскія гульні