Чатырнаццаць калектываў за тры дні прадставілі гледачам свае пастаноўкі ў рамках мерапрыемства. Сярод іх і ўзорны тэатр «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Алы Каткавец.
Музычныя казкі беларускай пісьменніцы Алены Масла «Вандроўка з божымі кароўкамі», а таксама балгарскага – Йордана Тадорава «Папугайчык Пай» упершыню рабяты прэзентавалі напярэдадні адкрыцця фестывалю як сапраўдны падарунак гледачам у Дзень тэатраў.
У падарожжы з багоўкамі прынялі ўдзел навучэнцы розных узростаў тэатральнага аддзялення мастацкай школы, а таксама дашкаляты з падрыхтоўчага. Усім прысутным разам з божымі кароўкамі, а таксама з хлопчыкам Данікам і яго сябрам прапанавалі адправіцца ў незвычайную вандроўку. Зразумела, іх чакалі неверагодныя прыгоды: сустрэча з грозным чараўніком, знаёмства з прынцэсай Чысцюляй і жыхарамі Краіны паветраных замкаў, подзвігі, вартыя сапраўднага рыцара. Па законах жанра дабро перамагло, а зладзеі ўсталі на шлях выпраўлення. Аднак паперажываць за галоўных герояў усё ж давялося.
Спектакль па казцы балгарскага аўтара, ролі ў якім выконвалі навучэнцы 4-6 класаў таго ж тэатральнага аддзялення, меў больш філасофскі сэнс і заставіў паразважаць пра жыццё нават дарослых. Галоўны герой – пацешны, ды пры гэтым сур’ёзны папугайчык Пай жыве ў сваёй клетцы і ўсім задаволены. Там ёсць любімая жэрдка, люстэрка, вада і ежа. У госці да яго прылятае вечна галодны верабейка Чырык, які хаваецца ў знаёмага ад ката Крума. Аднак, нягледзячы на запэўніванне Пая, што цудоўнае жыццё ў дастатку, Чырык ні за што не згадзіўся б жыць у няволі. А Пай, хоць і марыць убачыць свет па-за клеткай, не можа яе пакінуць, бо, як упэўнены папугайчык, яе абавязкова хтосьці зойме. Ды аднойчы яго размеркаванае жыццё парушае прыгожая і свабодалюбівая Ластаўка, якая запрашае яго адправіцца ў сапраўднае падарожжа на поўдзень, дзе весела жывецца птушкам. А вось ці адважыцца галоўны герой пакінуць свой надзейны прытулак, якраз і даведаліся аматары тэатра, што прысутнічалі на прэм’еры.
Словам, абодва спектаклі з яскравымі вобразамі герояў, маляўнічымі касцюмамі і дэкарацыямі сталі сапраўдным адкрыццём. Да таго ж гледачы не толькі весела бавілі час, а і змаглі вынесці для сябе нешта новае, задумацца над творамі такіх розных, аднак ад таго не менш цікавых аўтараў, адкрыць іх для сябе.
Крывальцэвіч