Надвор'е:

Курсы валют:
Аб'явы
Радыё
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГАРАЧАЯ ЛІНІЯ»
(8-017-94) 55-5-62 ,
SMS-інфармаванне

+ 375-29-194-77-56

Прапанаваць навіну
22 жніўня 2019 года
Все сельсоветы
Галоўная  /  Навіны  /  Калейдаскоп
9 лістапада 2018 года, 07:22

«Артысты – гэта фарбы…», або Як прайшла творчая сустрэча з вядомым акцёрам

 
Яшчэ ў канцы шасцідзясятых амерыканскія псіхолагі вылучылі так званую тэорыю «шасці рукапацісканняў», згодна з якой любыя два чалавекі на Зямлі раздзелены пяццю агульнымі знаёмымі. Гэтая тэорыя і сёння застаецца недаказанай, але як тут не паверыць у яе існаванне пасля пачутай гісторыі. Як ужо ведаюць падпісчыкі афіцыйных груп выдання ў сацыяльных сетках, на мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры адбылася творчая сустрэча з акцёрам расійскага тэатра і кіно Ігарам ПЯТРЭНКАМ, на пачатку якой артыст даў адказы на пытанні журналістаў «Голаса Любаншчыны». Адзін з іх, можна сказаць, і пацвердзіў існуючую тэорыю.

– Ігар Пятровіч, як стала магчымай такая сустрэча з прыхільнікамі вашага таленту ў нашым горадзе?

– На самай справе такая ідэя нарадзілася спантанна. Зараз я задзейнічаны ў фільме «Чарнобыль», які здымаецца амаль па ўсёй Беларусі. Аднойчы, калі мы са здымачнай групай працавалі ў Слуцку, да мяне на пляцоўцы звярнуўся Васіль (Васіль Мірашнічэнка, прадстаўнік беларускага казацтва – заўвага аўтара) і прапанаваў арганізаваць сустрэчу з хлапчукамі. «Чаму не?» – падумаў я, тым больш што на мне, як на вядомай асобе, ляжыць нейкая адказнасць за выхаванне правільных каштоўнасцей у падрастаючага пакалення. Ды і з моладдзю мне заўсёды прыемна мець зносіны, дзяліцца вопытам, можа, нават на-тхняць. Таму я з задавальненнем адгукнуўся на такую прапанову. Дзякуй Богу, у шчыльным графіку ўдалося знайсці час. Сёння ў мяне адзіны выхадны дзень за працяглы час, і я спецыяльна прыляцеў з Масквы, каб выканаць сваё абяцанне. І, шчыра кажучы, здзіўлены маштабам арганізацыі. Калі б ведаў, што сярод удзельнікаў сустрэчы не толькі рабяты, касцюм бы апрануў (смяецца).

Вяртаючыся да тэорыі рукапаціскання, дададзім, што Васіль Мірашнічэнка мае добрыя зносіны з благачынным Любанскай царкоўнай акругі протаіерэем Аляксандрам Драгуном, які, у сваю чаргу, удзяляе значную ўвагу духоўнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў, таму цесна супрацоўнічае з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўніцтва якога і арганізавала мерапрыемства для школьнікаў і ўвогуле ўсіх жадаючых, бо ўваход быў свабодным. Перад тым як пачаць размову з прыхільнікамі, тым прапанавалі для прагляду фільм з удзелам артыста «Мы з будучыні-2». Па меркаванні многіх крытыкаў, ды і самога акцёра, стужка атрымалася не самай удалай, з чым жа звязаны такі выбар?


– Як нам расказалі, Вы самі выбралі «Мы з будучыні-2». чаму менавіта гэты фільм?

– На гэтае пытанне адказаць даволі няпроста. Нейкую доўгую гісторыю з-за абмежаванасці часу паказаць не ат-рымліваецца. Той жа «Тарас Бульба» цягнецца больш за дзве гадзіны, да таго ж цяжкі для ўспрымання. Прадэманстраванае ж кіно з аднаго боку забаўляльнае, яго дастаткова лёгка глядзець, а з другога – там ёсць пра што падумаць.

– Не маглі не звярнуць увагу, што нярэдка на экране Вас можна ўбачыць у ваеннай форме. Гэта з чымсьці звязана?

– Насамрэч так атрымліваецца выпадкова. Дзякуй Богу, што такія работы прыходзяць і знаходзяць мяне. Артысты – гэта фарбы, што ажыўляюць ужо створаны вобраз. Выканаць ролю, якая б адпавядала ўсім нашым патрабаванням, можна толькі калі сам ствараеш кіно: шукаеш грошы, гісторыі для сцэнарыя, наймаеш каманду і гэтак далей. У іншых выпадках я не ведаю, як правільна гэта назваць: вышэйшая воля, наканаванасць або проста падарунак мне. Справа ў тым, што мае прадзед, дзед і бацька – ваенныя. Я першы па мужчынскай лініі не выбраў для сябе гэты шлях, перарваў дынастыю і пайшоў у артысты, чым выклікаў сур’ёзнае здзіўленне ў сям’і. Таму мяне вельмі радуе, што я магу «служыць» на карысць радзіме хаця б на экране. Тым больш што пачынаў я з ролі лейтэнанта, потым быў маёрам, а ў апошні час і пагоны палкоўніка ўдалося прымераць (усміхаецца).

– Немагчыма не спытаць, якая з Вашых роляў больш за іншыя лягла на сэрца?

– Адназначна адказаць на такое пытанне нельга. Кожная роля – гэта асобны перыяд жыцця, цэлая старонка, дзе ёсць людзі, якіх вы часцей за ўсё не бачыце на экране. У сярэднім у здымачную групу ўваходзяць ад ста да ста пяцідзесяці чалавек, і ўяляе яна адзін жывы арганізм. А з улікам, што праект цягнецца не менш за тры месяцы, а то і год, у новае акружэнне ўрастаеш. На пляцоўцы і па-за ёй можа адбывацца як нешта доб-рае, так і не вельмі, таму кожны адзняты эпізод пакідае свае асаблівыя ўспаміны. Некаторыя  нават сцэны, напісаныя для серыялаў, для мяне дарагія, некаторыя лічу сваёй маленькай перамогай.


– Акрамя кіно, Вас можна ўбачыць і на тэатральнай сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Малога тэатра ў Маскве, куды Вы вярнуліся пасля доўгага перапынку. Якая з пляцовак Вам бліжэй?

– Іх немагчыма параўнаць. Тэатр і кіно – гэта розныя сусветы. Калі кіно складаецца з дубляў, адточвання, шліфоўкі, і як рэзультат – глядач бачыць максімальныя магчымасці акцёраў, прычым вынік залежыць не толькі ад уменняў артыста, а і здымачнай групы, работы рэжысёра, мантажораў, музычных афарміцеляў. Калі ж гаварыць пра тэатр, то там акцёр нібы адзін на адзін з гледачамі. Ты выходзіш на сцэну, а перад табой мноства людзей, і ўсе яны чагосьці чакаюць. А ты раптам разумееш, што не памятаеш тэксту (усміхаецца), і калі ўдаецца справіцца з хваляваннем і адчуць фантастычны момант цішыні, якая, здаецца, звініць вакол цябе, таму што людзі ўсё ж глядзяць на цябе, слухаюць і ім цікава – то атрымліваеш такія эмоцыі, не-параўнальныя ні з чым, нібы ты на піку хвалі…

– У Вашай фільмаграфіі каля шасці-дзесяці работ, Вы з’яўляецеся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў галіне літаратуры і мастацтва. Свой адметны след у гісторыі кінематографа Вы ўжо пакінулі дзякуючы такім выдатным фільмам, як «Звязда», «Вадзіцель для Веры», і мноству іншых. Мы ўпэўнены, што парады ад Вас дапамогуць выпускнікам тэатральнага аддзялення нашай дзіцячай школы мастацтваў. Як уразіць прыёмныя камісіі ў тэатральных вну?

– Нейкага спецыяльнага ці ўніверсальнага рэцэпту не існуе. Патрэбна быць самім сабой, рабіць усё з задавальненнем і шчыра дзяліцца эмоцыямі. Артыст – гэта не проста прыгожыя жэсты, выразная міміка ці дакладна перададзеныя інтанацыі. На мой погляд, гэта жыццёвы вопыт, разуменне таго, што іграеш і для чаго. Твор таксама варта падбіраць з улікам індывідуальных асаблівасцей. Але ў любым выпадку павінен прысутнічаць нейкі душэўны парыў, шчырае жаданне данесці сэнс аўтара праз прызму ўласнага ўспрыняцця.


***

Яшчэ на мноства пытанняў Ігар Пятровіч адказаў падчас творчай сустрэчы. Ён не ўтаіў пра цяжкія моманты ў сваёй біяграфіі, звязаныя з абвінавачваннем у забойстве, шчыра расказаў пра сваё сямейнае жыццё з былой аднакурсніцай па Шчэпкінскім вучылішчы Ірынай Леонавай, прычыны скасавання шлюбу з другой жонкай – актрысай Кацярынай Клімавай, усвядомлены падыход да выбару трэцяй – Крысціны Бродскай, а таксама падзяліўся ўласнымі сакрэтамі сямейнага шчасця. Не меншую цікавасць выклікала і творчае жыццё артыста, яго бліжэйшыя планы.


Так, нядаўна завяршылася частковае здыманне на тэрыторыі Беларусі серыяла «Чарнобыль», сюжэт якога, як няцяжка здагадацца, разгортваецца вакол падзей падчас аварыі на ЧАЭС. Пры гэтым у цэнтры серыяла не толькі лёсы звычайных людзей і ліквідатараў, а і шпіёнская інтрыга. Як расказаў сам герой вечара, тэма Чарнобыльскай трагедыі яму блізкая. Бацька Ігара Пятрэнкі быў адным з тых, хто прымаў актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Не пакідае Ігар Пятрэнка і тэатральныя падмосткі, на пачатку кастрычніка мінская публіка магла ўбачыць яго ў спектаклі «Трыумфальная арка», з бліжэйшых пастановак – «Мяцеліца» А.С. Пушкіна ўжо ў Маскве.


 

Святлана

Крывальцэвіч


Архіў сайта
22
2019
Жнівень
Тэлефоны гарачых ліній Аддзел адукацыі Любанскага РВК 2-е еўрапейскія гульні Дэкрэт №7 Тэма тыдню Год малой радзімы Дэкрэт №3