Свой уклад у агульную справу штодзень ужо на працягу дзясятка гадоў уносіць і Алена Галка. Пачынала працоўную дзейнасць у цэху па вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі. А праз чатыры гады змяніла яго на маслацэх. Там шчыруе і зараз масларобам 3 разраду. На выдатна засвоіла ўвесь тэхналагічны працэс вырабу масла, яго ўпакоўкі. Можна сказаць, любую аперацыю Алена Мікалаеўна можа выканаць амаль з закрытымі вачамі. І робіць усё якасна, разумее: ад старання кожнага залежыць вельмі многае – вытворчыя паказчыкі, якасць прадукцыі, рэпутацыя завода ў цэлым.
За высокую свядомасць, дысцыплінаванасць, руплівасць жанчыну на прадпрыемстве лічаць добрай работніцай, паважаюць як шчырага, неабыякавага чалавека. Яна аптыміст па характары, сваёй бадзёрасцю, станоўчай энергіяй заражае і калег; заўсёды побач з тымі, каму патрэбна падтрымка.
— А чым у вольны час любіце займацца? — цікаўлюся ў Алены Мікалаеўны.
— Як і ўсе, хатнія справы выконваю, – распавяла А.М. Галка. – Вядома ж, стараюся родных балаваць рознымі прысмакамі. Вельмі падабаецца хадзіць у лес у грыбы і ягады, таму летам і восенню абавязкова, калі ёсць магчымасць, з мужам, сынамі Арцёмам і Прохарам накіроўваемся на «ціхае» паляванне. І ўвогуле ў нас ужо склалася сямейная традыцыя – весці актыўны лад жыцця, адпачываць на прыродзе, разам займацца спортам. Гэта і для здароўя карысна, і яднае нас.
Вілента