ІІ З’езд вучоных Беларусі


ІІ З’езд вучоных Беларусі прайшоў 12-13 снежня ў Мінску. У ім прынялі ўдзел 2,6 тыс. чалавек, у тым ліку замежныя госці – вядомыя вучоныя Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.

У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя працавалі па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Пленарнае пасяджэнне прайшло 13 снежня. На месцы яго правядзення адкрылася абагульненая міжведамасная выстаўка пад лозунгам «Беларусь інтэлектуальная», якая складалася з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыя і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Былі прадстаўлены беларускі персанальны суперкамп’ютар, электрамабіль, электравеласіпед і іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці, прадэманстраваны магчымасці 3D-друку з розных матэрыялаў, паказаны вынікі работы Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і спадарожніка сувязі «Белінтэрсат-1».

У час з’езда прэзентавана ўнікальнае выданне – кніга «Вучоныя, якія праславілі Беларусь». У ёй расказваецца пра больш як 150 выдатных дзеячаў беларускай навукі. Кніга была падрыхтавана і выдадзена ў Год навукі.

Ключавым дакументам, які вынеслі на II З’езд вучоных Беларусі, стаў праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Цяпер гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак – 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі – 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 пра-цэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.

Правядзенне з’езда – падагульняючае мерапрыемства Года навукі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні ІІ З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь.

Вітаючы ўдзельнікаў вышэйшага інтэлектуальнага форуму краіны, кіраўнік дзяржавы сказаў, што такія мерапрыемствы павінны праводзіцца часцей, паколькі перад Беларуссю стаяць амбіцыйныя мэты, рэалізаваць якія без навукі немагчыма. «У сучасным свеце навука – важнейшы фактар прагрэсу. Мы гэта добра разумеем, менавіта таму пастаянна ўдзяляем увагу дынамічнаму развіццю гэтай сферы. 10 гадоў таму на I З’ездзе вучоных прадстаўнікі навуковай супольнасці краіны ўпершыню сабраліся разам, каб абмеркаваць стан, надзённыя праблемы айчыннай навукі, намеціць шляхі развіцця, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Ужо тады магістральным напрамкам мы вызначылі яе прыкладны характар. На гэта былі нацэлены як акадэмічныя, галіновыя, так і вузаўскія навуковыя структуры».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, за дзесяцігоддзе зроблена нямала і эфектыўныя беларускія распрацоўкі атрымалі шырокае прызнанне.

Зроблены крокі па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы навукова-інавацыйнай дзейнасці. Рэалізаваны мерапрыемствы па паглыбленні ўзаемадзеяння навукі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Выбудавана сістэма падтрымкі таленавітай моладзі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што ў беларускім грамадстве назапашаны значны навуковы кадравы рэсурс.

Сёння больш як 25 тыс. супрацоўнікаў выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі, у тым ліку амаль 8 тыс. чалавек працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук. Словам, салідная армія, якой пад сілу вырашаць самыя адказныя і складаныя задачы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта навуковае асяроддзе фарміруе эліту беларускага грамадства, як і ў любой іншай дзяржаве: «Вы, вучоныя, без перабольшання, уяўляеце сабой інтэлектуальны цвет нацыі. І калі вам пакараюцца новыя вяршыні, я як кіраўнік дзяржавы шчыра радуюся гэтаму. Нам ёсць чым ганарыцца. У Беларусі працуюць вучоныя з сусветнымі імёнамі. Ваш талент, невычэрпная энергія, вопыт і веды служаць на карысць беларускага народа і нашай маладой суверэннай дзяржавы».

БелТА.

Ваш отзыв

1 октября – день пожилых людей 1 сентября – день знаний 4 октября – день учителя 5 кастрычніка – дзень работнікаў крымінальнага вышуку 6 октября – день архивиста 20 сентября – день работников леса 25 октября – день автомобилиста и дорожника 26 АПРЕЛЯ – ДЕНЬ ЧЕРНОБЫЛЬСКОЙ ТРАГЕДИИ 26 июня – день работников прокуратуры 70-летие великой победы 2015 – год молодежи Аздараўленне Актуально Акцыя Ахова працы В комитете госконтроля Ганаруся сваёй прафесіяй Год культуры Да 450-годдзя Любані Демография День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности Дэмаграфія Единый день информирования За здаровы лад жыцця Конкурс «Перамога ў нашай памяці жыве» Летняе аздараўленне Людзі і справы Международные связи Народ и власть Наши достижения Обратная связь Оздоровление ПРАЕКТ «ЖЫВЕ МАЯ ВЁСКА» Парламентский вестник Патрыятычнае выхаванне Пресс-тур губернатора Минской области Профилактика правонарушений Профориентация Святы Служба занятости Служу отечеству! Справы вясковыя Творчество Ураджай-2016 Цікавая экскурсія