Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі дзелавых колаў


Лукашэнка: малы і сярэдні бізнес – важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі Беларусі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

«Да тэмы развіцця прадпрымальніцтва мы звярталіся не раз. Аднак у такім шырокім фармаце мы сустракаемся ўпершыню. Сярод прысутных – прадстаўнікі ўлады, усіх сфер бізнесу – ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Аб’ядноўвае нас усіх адно – дакладнае разуменне таго, што малы і сярэдні бізнес – гэта важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі, а значыць, і існавання дзяржавы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Восенню кіраўнік дзяржавы падпісаў цэлы пакет дакументаў – дэкрэт і сем указаў, прызначаных даць моцны імпульс развіццю прыватнага сектара эканомікі. Яны накіраваны на ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар’ераў, якія, на думку бізнес-супольнасці, тармазілі дзелавую ініцыятыву.

Лукашэнка пра дэкрэт №7: больш няма ніякіх перашкод рабоце бізнесу

«Ключавым з прынятых дакументаў з’яўляецца дэкрэт, у якім размова ідзе аб тым, каб даць людзям магчымасць развіваць сваю справу, а не думаць пра шматлікія бюракратычныя фармальнасці. Хочаш займацца бізнесам – ідзі і працуй! Больш ніякіх перашкод гэтаму няма. Дастаткова падаць адно паведамленне ў выканкам – усё! На наступны дзень можна пачынаць работу», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што зведзены да мінімуму і сабраны ў адным дакуменце ўсе тэхнічныя патрабаванні. Так, колькасць правіл пажарнай бяспекі скарочана ў 11 разоў, санітарных патрабаванняў – у 13 разоў, ветэрынарных – у 10. Скасаваны многія ўстарэлыя адміністрацыйныя працэдуры.

Лукашэнка: прадпрымальнікі павінны актыўней развіваць бізнес у малых гарадах і сельскай мясцовасці

Кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на тэме развіцця гандлю і паслуг у вёсцы і павышэння самазанятасці грамадзян. Ён выказаў заклапочанасць тым, што малы і сярэдні бізнес сёння сканцэнтраваўся ў асноўным у сталіцы і іншых больш-менш вялікіх гарадах.

Ва ўказе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для змяншэння затрат сельскіх прадпрымальнікаў.

«Пры гэтым, можа, і не трэба чалавеку адразу рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, браць на сябе сур’ёзныя абавязацельствы.

Цалкам верагодна, што спачатку дастаткова будзе папрацаваць проста так, на сябе, паглядзець, ці будуць карыстацца попытам яго паслугі. Для гэтага выдадзены ўказ аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў маштабна перапрацаваць Падатковы кодэкс

«Урад па маім даручэнні ўжо ў студзені сфарміруе спецыяльную групу і пачне маштабную перапрацоўку Падатковага кодэкса. Ён павінен быць простым і зразумелым», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што да гэтага не было ні аднаго года, каб Падатковы кодэкс працаваў без змяненняў. Былі выпадкі, калі на працягу года карэкціроўкі ўносіліся некалькі разоў. Згодна з новым дэкрэтам, да канца гэтай пяцігодкі будзе дзейнічаць мараторый на павышэнне падаткаў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць праект дакумента да верасня 2018 года.

«Патрабаванне адно: скарачэння даходаў бюджэту быць не павінна. Скарачайце кодэкс, як хочаце, але каб быў прырост падаткаў у бюджэт», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік дзяржавы выступіў за сур’ёзную перапрацоўку нарматыўна-прававых актаў, якія датычацца бухгалтарскага ўліку.

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў без залішняга фармалізму і далей актыўна развіваць аграэкатурызм

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што далейшаму развіццю эканамічнай дзейнасці ў вёсцы прызначаны садзейнічаць указ аб развіцці аграэкатурызму. «У 2007 годзе мы прынялі правільнае рашэнне, прадаставіўшы аграсядзібам асаблівыя ўмовы работы і фінансавання. Тады ў нас было ўсяго 34 такія аб’екты. За дзесяць гадоў іх колькасць вырасла ў 60 разоў. Толькі ў Мінскай вобласці створана амаль 650 аграсядзіб», – адзначыў Прэзідэнт.

Як лічыць кіраўнік дзяржавы, вельмі важна не спыняцца на дасягнутым, а развіваць гэту сферу і далей.

У Беларусі прыняты неабходныя меры для развіцця рамеснай дзейнасці – Лукашэнка

«Папулярна ў нас і рамесная дзейнасць. У мінулым годзе 23 тыс. чалавек былі заняты ў гэтым сектары. А яшчэ некалькі гадоў таму такіх майстроў было ў пяць разоў менш, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Для падтрымкі гэтага напрамку зроблены ўжо чарговыя захады. Перш за ўсё пашыраны пералік дазволеных відаў рамеснай дзейнасці».

Самае галоўнае, што ў рамеснікаў з’явілася больш манеўранасці для рэалізацыі сваіх вырабаў. Раней імі можна было гандляваць толькі з прылаўкаў на спецыяльных кірмашах. Цяпер дазволена займацца продажам і ў майстэрні, і праз інтэрнэт, і перасылаць заказчыку па пошце.

Лукашэнка патрабуе выключыць беспадстаўны кантроль бізнесу

«Нярэдкія выпадкі, калі прадстаўнікі кампетэнтных органаў прыходзяць без усялякіх падстаў. Катэгарычна патрабую гэта выключыць», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Неабходна зрушыць акцэнты ў рабоце кантралюючых органаў, нацэліўшы іх на прафілактыку парушэнняў», – падкрэсліў Прэзідэнт.

«Да добрасумленных суб’ектаў гаспадарання кантралюючыя органы не павінны падыходзіць і блізка. Для гэтага ўвядзіце зразумелыя, няхай і жорсткія, крытэрыі. Напрыклад, калі занятасць на прадпрыемстве павялічваецца, плацяжы па падатках растуць, людзям плацяць добрую зарплату, не зафіксавана ніводнай скаргі – туды ні нагой!» – сказаў кіраўнік дзяржавы.

БелТА.

www.belta.by

Фота БелТА.

Ваш отзыв

1 октября – день пожилых людей 1 сентября – день знаний 4 октября – день учителя 5 кастрычніка – дзень работнікаў крымінальнага вышуку 6 октября – день архивиста 20 сентября – день работников леса 25 октября – день автомобилиста и дорожника 26 АПРЕЛЯ – ДЕНЬ ЧЕРНОБЫЛЬСКОЙ ТРАГЕДИИ 26 июня – день работников прокуратуры 70-летие великой победы 2015 – год молодежи Аздараўленне Актуально Акцыя Ахова працы В комитете госконтроля Ганаруся сваёй прафесіяй Год культуры Да 450-годдзя Любані Демография День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности Дэмаграфія Единый день информирования За здаровы лад жыцця Конкурс «Перамога ў нашай памяці жыве» Летняе аздараўленне Людзі і справы Международные связи Народ и власть Наши достижения Обратная связь Оздоровление ПРАЕКТ «ЖЫВЕ МАЯ ВЁСКА» Парламентский вестник Патрыятычнае выхаванне Пресс-тур губернатора Минской области Профилактика правонарушений Профориентация Святы Служба занятости Служу отечеству! Справы вясковыя Творчество Ураджай-2016 Цікавая экскурсія