Адзін з лепшых сыноў тваіх, родная Любаншчына


Імклівая плынь няўмольнага часу сцірае з памяці падзеі, якія зусім нядаўна здаваліся вельмі значнымі. Нехта ці нешта іншае раптам цалкам завалодваюць нашай увагай.

Але колькі б ні прайшло гадоў, ёсць такія рэчы і людзі, забываць пра якіх мы не маем права. Мяняюцца грамадскі ўклад, прыярытэты, каштоўнасці. Але ў любыя часы бываюць асобы, яркія, як зоркі, якія кіруюцца ў жыцці высокімі мэтамі, працуюць дзеля другіх і, наогул, з’яўляюцца прыкладам для многіх пакаленняў.

4-11-11

Жыццёвы шлях Кузьмы Шаплыкі няпросты і нялёгкі. Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер трох ордэноў Леніна, двух – Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, «Знака Пашаны». Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, дэлегат XXV з’езда КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і інш. Чалавек-легенда, які нарадзіўся на Любаншчыне, пражыў тут усё жыццё і, не шкадуючы сябе, стараўся зрабіць як мага больш добрых спраў дзеля землякоў, іх дабрабыту, дзеля будучыні.

Кузьма Іванавіч з’явіўся на свет 14 лістапада 1916 года ў вёсцы Рэдкавічы ў шматдзетнай сялянскай сям’і – быў старэйшым з шасцярых дзяцей. З маленства дапамагаў бацьку, а калі таго рана не стала, то ўсю работу ўзваліў на свае плечы. Разам з дарослымі хадзіў за плугам, не ўступаў ім і на сенажаці. У 1932 – пачаў працоўную дзейнасць у калгасе «Зара Камуны» і шчыраваў так старанна, што ўжо праз тры гады калгаснікі выбралі яго брыгадзірам.

У 1937 – хлопца прызвалі ў Чырвоную Армію. Служба праходзіла ў конна-артылерыйскім палку стралковай дывізіі, якая размяшчалася ў г. Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад). Там закончыў палявую школу малодшых камандзіраў. Вярнуўшыся ў родны калгас у 1940 годзе, стаў працаваць шафёрам на мясцовай смалакурні. Але хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна…

Ужо ў першыя дні таго часу ў нашым раёне з ліку лепшых камсамольцаў, адданых Радзіме, была створана падпольная група, у якую ўваходзіў і Кузьма Шаплыка. Пазней змагаўся з ворагам у складзе партызанскага атрада імя Чапаева, быў памочнікам камандзіра па разведцы, уступіў у партыю. Пра яго смеласць і мужнасць, праяўленыя ў тыя часы, сведчаць узнагароды – ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі». У партызанскім лагеры адбылося вяселле храбрага разведчыка і яго сяброўкі-аднавяскоўкі Варвары Семянені. Вайна, цяжкія выпрабаванні, як аказалася, злучылі іх на ўсё жыццё.

5-11-11

Пасля вызвалення роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Кузьма Іванавіч прасіўся на фронт, але сакратар райкама партыі, ведаючы арганізатарскія здольнасці маладога камуніста, не адпусціў. Трэба было адраджаць разбураны калгас, дзе людзі жылі ў асноўным у зямлянках, у голадзе і холадзе, змагаючыся з эпідэміямі і іншымі хваробамі. Восенню 1945 года Кузьму Шаплыку аднагалосна выбралі старшынёй калгаса «Чырвоная змена», і з таго часу на гэтай пасадзе ён працаваў больш за паўстагоддзя. З першых дзён новы кіраўнік прыкладаў шмат намаганняў, каб хутчэй наладзіць дабрабыт сялян. Быў упэўнены, што людзі павінны жыць у годных умовах, дастатку, і не шкадаваў сіл, каб наблізіць гэты час. Менавіта з такой мэтай у канцы 40-х калгас стаў займацца вырошчваннем кок-сагызу, культуры з далёкага Цянь-Шаня, знешне падобнай да нашых дзьмухаўцоў. З каранёў гэтай расліны выраблялі гуму, у якой краіна мела вялікую патрэбу. Вынікі былі найлепшыя – звыш 80 цэнтнераў з гектара. У гаспадарцы з’явіліся грошы, за якія можна было набываць неабходную тэхніку.

І надалей старшыня рашуча павёў калгас наперад, да высокіх паказчыкаў, за якімі стаялі дабрабыт і ўпэўненасць у заўтрашнім дні сялян. Вёска Сарачы стала прыгожым пасёлкам, дзе былі пабудаваны трохпавярховы адміністрацыйны будынак, гасцініца, кафэ-рэстаран, гандлёвы цэнтр, Дом быту, Палац культуры, дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, шматпавярховыя жылыя дамы з усімі выгодамі.

У 1971 годзе гаспадарка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, стала адной з самых паспяховых у краіне. Шматлікія дэлегацыі з розных месцаў Савецкага Саюза наведвалі яе, пераймалі вопыт.

Кузьма Іванавіч Шаплыка пайшоў з жыцця 11 красавіка 1997 года.

Унікальнасць асобы старшыні адзначаюць тыя, каму пашчасціла працаваць разам, вучыцца ў яго, слухаць парады, пераймаць багаты вопыт.

Міхаіл Мікалаевіч БЯЛЬКЕВІЧ (у 1985-1993 гг. спачатку быў сакратаром парткама, потым намеснікам старшыні калгаса «Чырвоная змена»):

– У 1985 годзе мне давялося ўзначаліць самую буйную партыйную арганізацыю раёна, у якую ўваходзілі 123 камуністы. Я адчуваў вялікую адказнасць і хваляванне, што буду працаваць побач з лідарам, які меў бясспрэчны аўтарытэт, заваяваны бездакорнай працай, адданасцю сваёй справе, увагай да людзей. Менавіта такім і быў Кузьма Іванавіч Шаплыка. У ім дзіўна спалучаліся рысы патрабавальнага, строгага кіраўніка і незвычайныя абаянне, камунікабельнасць, уменне знайсці падыход да кожнага. Здзіўляла яго фенаменальная памяць, калі нават у сталыя гады пасля наведвання палёў і ферм, гутарак з дзясяткамі людзей, не карыстаючыся аніякімі запісамі, раніцай наступнага дня на селектарнай нарадзе ён звяртаўся да ўсіх папярэдніх пытанняў.

Вызывала вялікую павагу і тое, што кожны раз пасля нарады ён прымаў тых, у каго меліся нейкія праблемы. Для большасці ён быў надзеяй, верай, апорай, памочнікам і дарадцам. І з чым бы яны ні прыходзілі, Кузьма Іванавіч нікога не пакідаў без увагі.

Аляксандр Яўгенавіч ШАПЛЫКА (з 1979 года працаваў аграхімікам, а з 1987 па 1998 –
галоўным аграномам калгаса «Чырвоная змена»):

– Кузьма Іванавіч быў надзвычай сумленны і адказны чалавек. Сціплы і справядлівы. Усё жыццё разам з жонкай Варварай Марцінаўнай, настаўніцай пачатковых класаў, пражылі, выгадавалі дзяцей у звычайнай хаце. Такія ж якасці ён хацеў бачыць і ў сваіх спецыялістаў, працаўнікоў. А паколькі добра разбіраўся ў людзях, то калектыў у тыя часы быў асабліва надзейны, зладжаны, моцны. Нягледзячы на багаты вопыт, муд-
расць кіраўніка, ён заўсёды раіўся з намі, хацеў ведаць наша меркаванне, выслухваў заўвагі. Вельмі цяжка перанес развал Савецкага Саюза і ўсе далейшыя наступствы – інфляцыю, эканамічны крызіс. Сапраўдны гаспадар, ён не мог прызвычаіцца да новых рэалій. Ніколі не браў крэдытаў, пазык, лічыў гэта нечым ганебным.

Надзея Яўгенаўна СКРЫПНІК (унучка Марыі Іванаўны Семянені, роднай сястры Кузьмы Іванавіча):

– У дзяцінстве я часта гасцявала ў бабулі і таму добра памятаю дзядулю Кузьму. Аб’язджаючы палі гаспадаркі, ён мог завітаць і да сястры, праўда, зусім ненадоўга. Заўсёды быў уважлівы да яе клопатаў і турбот, усім цікавіўся. Аднойчы, схіліўшы да мяне галаву, дзядуля сказаў: «Як ваюеш, так і працуеш». Сэнс гэтых слоў я адразу не зразумела. Усведамленне таго, што ён меў на ўвазе, прыйшло пазней. Як, не шкадуючы ўласнага жыцця, падчас вайны людзі абаранялі Радзіму, так пасля самаахвярна падымалі яе з руін, працягвалі шчыраваць і ў мірны час.

Мяне вельмі ўражвалі вочы Кузьмы Іванавіча, блакітныя, колеру васількоў, што хаваюцца ў пшанічных палях, прыгожыя, як і ў бабулі, але заўсёды крыху стомленыя. Вочы сапраўднага Героя працы.

Выбіраючы будучую прафесію (у старэйшых класах спачатку хацела стаць журналістам), я вырашыла параіцца з дзядулем Кузьмой і яму, як лепшаму сябру, чытала свае вершы.

***

Адкрытаму акцыянернаму таварыству «Чырвоная Змена» прысвоена імя Кузьмы Іванавіча Шаплыкі. У цэнтры горада Герою Сацыялістычнай Працы ўстаноўлены помнік. Рыхтуецца да выдавецтва кніга Ігара Асінскага «Кузьма». Шумяць дубы, ля якіх нечакана прызямліўся верталёт з Пятром Міронавічам Машэравым. Але галоўнае, што добрая слава, успаміны, бясконцая ўдзячнасць жывуць у сэрцах тых, хто быў побач.

Матэрыялы старонкі
падрыхтавала
Галіна ГЕДРОЙЦ.

Фотаздымкі з фонда
Любанскага музея
народнай славы.

Ваш отзыв

1 октября – день пожилых людей 1 сентября – день знаний 4 октября – день учителя 5 кастрычніка – дзень работнікаў крымінальнага вышуку 6 октября – день архивиста 20 сентября – день работников леса 25 октября – день автомобилиста и дорожника 26 АПРЕЛЯ – ДЕНЬ ЧЕРНОБЫЛЬСКОЙ ТРАГЕДИИ 26 июня – день работников прокуратуры 70-летие великой победы 2015 – год молодежи Аздараўленне Актуально Акцыя Ахова працы В комитете госконтроля Ганаруся сваёй прафесіяй Год культуры Да 450-годдзя Любані Демография День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности Дэмаграфія Единый день информирования За здаровы лад жыцця Конкурс «Перамога ў нашай памяці жыве» Летняе аздараўленне Людзі і справы Международные связи Народ и власть Наши достижения Обратная связь Оздоровление ПРАЕКТ «ЖЫВЕ МАЯ ВЁСКА» Парламентский вестник Патрыятычнае выхаванне Пресс-тур губернатора Минской области Профилактика правонарушений Профориентация Святы Служба занятости Служу отечеству! Справы вясковыя Творчество Ураджай-2016 Цікавая экскурсія